Намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, якому адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, кажа, што скарга на яго ў акруговую камісію падробленая. Палітык датэлефанаваўся да падпісанткі звароту Вікторыі Гродзь. Паводле яго слоў, жанчына здзівілася, што пісала скаргу, і дадала, што ў той дзень, калі праходзіў пікет, была ў адпачынку.

Алесь Лагвінец, фота: Яўген Ерчак, TUT.BY.

Алесь Лагвінец, фота: Яўген Ерчак, TUT.BY.

Аднак у размове з TUT.BY жанчына сказала, што ў камісію звярталася, а прызнацца ў гэтым Лагвінцу спалохалася, таму што падумала, што тэлефануюць з ДАІ.

Што адбылося?

Алесь Лагвінец хацеў стаць кандыдатам у дэпутаты па Сухараўскай 101 акрузе ў Мінску. Палітык адзначыўся некалькімі крэатыўнымі пікетамі. На адным з іх выступіў з канцэртам вядомы рок-музыка Лявон Вольскі, на іншым — каманда Лагвінца выставіла яго партрэты і бел-чырвона-белыя сцягі на мосце над МКАДам на ўездзе ў мінскі раён Сухарава. Менавіта гэты пікет 22 ліпеня стаў падставай для некалькіх скаргаў на палітыка.

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

Адна з іх была падпісаная сакратаром 199-й школы Вікторыяй Гродзь. Аўтар у звароце напісала, што ехала па МКАД увечары 22 ліпеня, і яе ўвагу адцягнуў пікет Лагвінца. У выніку яна стварыла аварыйную сітуацыю, таму просіць акруговы выбаркам прыняць меры, каб не дапусціць такіх здарэнняў у будучыні.

Фота прэс-службы руху «За свабоду»

Фота прэс-службы руху «За свабоду»

«Я такога дакладна не пісала, сто працэнтаў»

Лагвінец звязаўся з меркаваным аўтарам дакумента і зрабіў аўдыёзапіс іх размовы, які пазней перадаў у рэдакцыю TUT.BY. Вось стэнаграма іх размовы:

— Добры дзень, Вікторыя Віктараўна?

— Так.

— Алесь Лагвінец вас турбуе. Хацеў сказаць, што напішу на вас дакумэнту Ў ДАІ, каб у вас забралі правы. Бо вы ствараеце аварыйную сітуацыю на дарогах, гледзячы на стэнд, масты ці нешта яшчэ. Прыемнага вам вечару.

— Прабачце, я вас не зразумела, можаце яшчэ раз паўтарыць?

— Вы ж кажаце, што ехалі пад мост, у вас сцягі адцягнулі ўвагу і вы стварылі небяспечнае…

— Пад мост? (Здзіўленым голасам)

— У Сухараве.

- У Сухараве пад мостам?

- Так. Вы ж пісалі скаргу, што ў вас сцягі адцягваюць увагу, правільна?

— Я нічога не пісала, пачакайце.

- Вы ўпэўненыя? Значыць вамі была падпісаная скарга. Вікторыя Віктараўна Гродзь, правільна?

— Так. Я пісала? Я штосьці павінна была пісаць?

— Так, вы пісалі зварот, тут ваш подпіс і ваш тэлефон нават ёсць.

— А што я пісала, можаце мне прадыктаваць?

(Алесь Лагвінец зачытвае тэкст звароту. Ён жартам дзякуе Вікторыі Гродзь за тое, што яна ў скарзе назвала яго кандыдатам, і паведамляе, што яго не зарэгістравалі. Суразмоўніца перапыняе палітыка).

— Я такога дакладна не пісала, сто працэнтаў.

— Цудоўна. У вас ёсць электронны адрас? Я вам магу гэта даслаць. Хтосьці за вас падпісаўся значыць.

— Добра, перашліце. А што цяпер рабіць, раскажыце, калі ласка.

— Вы ж у школе працуеце, правільна?

— Так, так.

Далей Лагвінец выказвае здагадку, хто мог скласці гэты дакумент, і працягвае зачытваць тэкст звароту. Яго суразмоўніца адрэагавала, даслухаўшы да канца.

— Справа ў тым, што 22-га я была ў адпачынку, я неяк па кальцавой наўрад ці магла ехаць.

Затым яны дамаўляюцца пра тое, што Гродзь адправіць Лагвінцу смс са сваім электронным адрасам, каб ён ёй скінуў фота падпісанага ад яе імя дакумента, і развітваюцца.

Абмен тэкстам адбыўся, і Лагвінец зрабіў скрыншот смс-перапіскі.

Усе гэтыя размовы адбыліся 8 жніўня, а на наступны дзень палітык проста ў памяшканні акруговай камісіі напісаў заяву ў міліцыю па факце падробкі скаргі.

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

«Я думала, што мне тэлефануюць з ДАІ»

У размове з TUT.BY Вікторыя Гродзь распавяла зусім іншую версію таго, што адбылося. Суразмоўніца адразу ж заявіла, што пісала зварот у Сухараўскай акруговую камісію. Каб максімальна дакладна выказаць пазіцыю Гродзь, мы прывядзём поўную расшыфроўку і той размовы.

— Чаму Алесю Лагвінцу па тэлефоне вы сказалі, што не пісалі гэтую заяву?

— Я не казала, што я не пісала гэтую заяву. Ён патэлефанаваў і пачаў мне пагражаць, што адбярэ ў мяне правы. Я напісала заяву, што, бачачы яго плакаты і сцягі, я стварыла аварыйную сітуацыю. Але паколькі ён мне не назваўся, у мяне адразу ўзніклі думкі пра тое, што мне тэлефануюць з ДАІ. А ў ДАІ я ніякія заявы не пісала. Таму я з ім размаўляла як з супрацоўнікам ДАІ першапачаткова. Ён мяне не так зразумеў.

— Гэта дзіўна, таму што я праслухаў аўдыёзапіс вашай гутаркі. Там ён вам назваўся ў самым пачатку…

— Я проста не зразумела першапачаткова, хто гэта.

— Вы сапраўды былі ў адпачынку ў той дзень?

— Так, была ў адпачынку і якраз ехала з вёскі ў бок дому.

— Але ў гутарцы вы сказалі, што не маглі ехаць пад мостам…

— Можа быць, я і сказала што-небудзь у такім духу, таму што я не разумела, з кім я размаўляю. Першапачаткова я вяла размову з супрацоўнікам ДАІ і не разумела, пра што мяне пытаюцца.

— Але ён назваўся …

— Я разумею, але я, дапусцім, не ведаю, хто такі Лагвінец. Ён мне ўчора патэлефанаваў, ён жа не сказаў, што ён кандыдат.

— Ён сказаў, што яго не зарэгістравалі кандыдатам. І вы самі да таго ж напісалі заяву на Лагвінца, бачылі партрэты, мяркуючы па заяве. Вы не зразумелі, на каго вы пішаце скаргу?

— На партрэце было напісана «Алесь Лагвінец» …

—… Вам тэлефануе мужчына і называецца Алесем Лагвінцом.

— Прайшло ўжо два тыдні, я, што, павінна памятаць? Тады я напісала, таму што мяне абурыла гэтая сітуацыя. А праз два тыдні я павінна памятаць, хто мне тэлефануе і называецца? Прычым пачынае з пагрозаў, што пазбавіць мяне вадзіцельскіх правоў. Я як павінна была рэагаваць?

— Добра, потым ён прыслаў вам скан гэтага ліста на паштовую скрыню, і вы яму адказалі смс, што гэта не ваша заява…

— Я не палічыла патрэбным яму даваць справаздачу і весці з ім далейшыя размовы. У выніку я спалохалася, я ж не ведаю, што ён там распачне. Можа, я ўжо баюся за сваё жыццё.

— У такім выпадку, яшчэ раз: вы пісалі гэтую заяву?

— Так, я пісала, прыйшла ў выбарчую камісію 23 ліпеня, яе там прынялі, зарэгістравалі як мае быць. Заява такая была, так.

Жанчына адзначыла, што не можа каментаваць тое, што ў выніку Лагвінца адмовіліся рэгістраваць, і паўтарыла, што яе абурыла менавіта сітуацыя на дарозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?