Адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, які вылучаўся ў дэпутаты шляхам збору подпісаў у Дзяржынску Мінскай вобласці, зарэгістраваны кандыдатам. Такое рашэнне акруговы выбаркам прыняў 9 жніўня, паведаміў БелаПАН Дзмітрыеў.

«Агітацыю я маю права пачаць 11 жніўня, як і ўсе кандыдаты. Заўтра адвязем у акруговы выбаркам дакументы на рэгістрацыю давераных асоб, адкрыццё выбарчага рахунку. А на выхадных паедзем дзесьці ставіць пікеты. Хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй з пустымі рукамі, не маючы пакуль агітацыйных матэрыялаў, сэнсу няма», — адзначыў Дзмітрыеў.

Ён пацвердзіў, што атрымаў ад акруговага выбаркама адно папярэджанне за дачасную агітацыю, якой палічылі размешчаны ў інтэрнэце яго перадвыбарны ролік, але гэта не паўплывала на рашэнне аб рэгістрацыі. «Я быў папярэджаны за тое, што ў роліку кажу пра сваю перадвыбарную праграму, а яны лічаць, што паводле заканадаўства падчас збору подпісаў можна казаць толькі пра сваю біяграфію. Аднак яны ўзялі 220 подпісаў на праверку і не знайшлі ніводнай, якая была б несапраўднай», — сказаў палітык.

На прэс-канферэнцыі 29 ліпеня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што бачыла ролік з выступам Дзмітрыева, «які ў мегафон распавядаў пра сябе і сваю перадвыбарную праграму». «Мы паведамілі акруговай камісіі, што ёсць падстава для вынясення папярэджання. Да гэтага ён папярэджваўся словамі», — сказала яна.

Напярэдадні стала вядома пра рэгістрацыю кандыдатам іншага сустаршыні «Гавары праўду», экс-кандыдата ў прэзідэнты 2015 года Таццяны Караткевіч. Прэтэндэнты ад «Гавары праўду» выступаюць на парламенцкіх выбарах з агульнай стратэгіяй мірных перамен і адзіным пасланнем да выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?