Федэральная служба бяспекі Расіі заявіла, што яе супрацоўнікі прадухілілі ў Крыме тэрарыстычны акт. У падрыхтоўцы тэракту спецслужба абвінаваціла Галоўнае ўпраўленне разведкі міністэрства абароны Украіны.

ria.ru

У інтэрв'ю агенцтву Рэйтэр прадстаўнік украінскага боку абвінавачванні адхіліў. Афіцыйны прадстаўнік ваеннай разведкі краіны заявіў, што інфармацыя ФСБ з'яўляецца ілжывай.

7 жніўня ўкраінская прэса паведаміла пра тое, што кантрольна-прапускныя пункты на мяжы Крымскага паўвострава «Чангар», «Каланчак» і «Чаплінка» перакрытыя з расійскага боку, у выніку чаго ўтварыліся велізарныя аўтамабільныя заторы. Канчаткова рух на паўвостраў быў адноўлены толькі ў ноч на 10 жніўня.

Адначасова ў прэсе з'явілася інфармацыя аб канцэнтрацыі расійскіх войскаў паблізу мяжы паўвострава з мацерыковай часткай і вакол важных аб'ектаў інфраструктуры, а таксама паведамленні пра тое, што ваенная тэхніка актыўна перамяшчаецца.

Паводле адной з версій, якія былі высунутыя ў прэсе, гэтая актыўнасць магла быць падрыхтоўкай да вучэнняў расійскай арміі ў Крыме альбо самімі вучэннямі.

9 жніўня памочнік кіраўніка Дзяржпагранслужбы Украіны Алег Слабадзян паведаміў каналу «112 Украіна» пра высокую актыўнасць расійскіх узброеных сіл на мяжы з Крымам. «У шасці выпадках мы назіралі палёты верталётаў узброеных сіл РФ, у адным выпадку — беспілотны лятальны апарат», — заявіў Слабадзян. Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы ўначы спрабавалі асвятліць украінскія пазіцыі з дапамогай пражэктара.

У той жа дзень прадстаўнік галоўнага ўпраўлення выведкі міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі паведаміў «Украінскай праўдзе», што ў краіне быў павышаны ўзровень пагрозы.

Версія ФСБ

ФСБ сцвярджае, што група дыверсантаў была знойдзеная ў раёне горада Армянск у ноч з 6 на 7 жніўня, падчас затрымання адбылася страляніна, у ходзе якой загінуў супрацоўнік расійскага ведамства.

«На месцы сутыкнення знойдзеныя: 20 самаробных выбуховых прылад сумарнай магутнасцю больш за 40 кілаграмаў у трацілавым эквіваленце, боепрыпасы і спецыяльныя сродкі ініцыявання, штатныя супрацьпяхотныя і магнітныя міны, а таксама гранаты і спецзброя, якія знаходзяцца на ўзбраенні спецыяльных падраздзяленняў узброеных сіл Украіны», — паведаміла ФСБ.

Расійскі бок заявіў, што была і яшчэ адна «спроба прарыву» ў ноч на 8 жніўня, якая суправаджалася абстрэлам з боку Украіны.

Па выніках аперацыі былі затрыманыя грамадзяне Украіны і Расіі, якіх ФСБ абвінавачвае ў тым, што ў супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі яны дапамагалі падрыхтаваць напад. ФСБ называе адно імя затрыманага — Яўген Паноў, па звестках спецслужбаў, ён жыве ў Запарожскай вобласці Украіны і працуе на ўкраінскую выведку.

Напад павінен быў быць накіраваны на «крытычна важныя элементы інфраструктуры і жыццезабеспячэння паўвострава», заявілі прадстаўнікі расійскіх спецслужбаў.

Рэакцыя Украіны

У Генштабе Узброеных сіл Украіны адпрэчваюць абвінавачванні з боку ФСБ. Спікер украінскага Генштаба Уладзіслаў Селязнёў назваў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявы расійскага боку правакацыяй.

«Чатыры дні ФСБ чакала, а потым з'яўляецца інфармацыя, якая курсавала ў сацыяльных сетках. Але літаральна ўчора прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі зрабіў заяву, што на тэрыторыі акупаванага Крыма ФСБ праводзіць антытэрарыстычныя вучэнні. Цалкам магчыма, што гэта паведамленне кладзецца ў той інфармацыйны складнік правядзення гэтых вучэнняў», — цытуе Селязнёва партал «Крым.Реалии», які з'яўляецца праектам «Радыё Свабода».

Дарадца кіраўніка СБУ Юрый Тандыт заявіў агенцтву Інтэрфакс-Украіна, што спецслужбы краіны не спрабуюць сілай вярнуць Крым. «Украіна не захоплівае і не вяртае сілай сваю тэрыторыю, і не будзе гэтага рабіць», — цытуе агенцтва Тандыта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру