Прэс-канферэнцыя галоўнага трэнера «Іслачы» Віталя Жукоўскага прайшла 10 жніўня ў галерэі TUT.BY. Раніцай гэтага ж дня МУС паведаміла, што каманду падазраюць у дагаварным матчы з брэсцкім «Дынама».

Што здарылася?

Па інфармацыі МУС, прадстаўнік трэнерскага штаба і гульцы ФК «Іслач» падазраюцца ў тым, што 30 красавіка атрымалі 10 тысяч долараў за «зліў» хатняй гульні з берасцейцамі. 

«Напярэдадні гульні прадстаўнікі ФК «Іслач» сустрэліся з пасярэднікам (былым футбалістам), а таксама некалькімі грамадзянамі Расійскай Федэрацыі. Апошнія паабяцалі заплаціць за патрэбны вынік, у залежнасці ад каэфіцыента у букмекераў, ад 10 да 20 тысяч долараў ЗША», — паведаміла прэс-служба МУС.

Па словах старэйшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах ГУБАЗіК МУС Сяргея Ванагеля, гаворка ішла пра тое, каб у першым тайме гульні ФК «Дынама-Брэст», які знаходзіўся ўнізе турнірнай табліцы, выйграў ці, як мінімум, згуляў унічыю з фаварытам сустрэчы «Іслаччу». У выніку «Іслач» у першым тайме прайграла з лікам 2:3. Выніковы лік — 4:2 на карысць «Дынама».

Раней Жукоўскі вельмі жорстка выказваўся на тэму дагаварных матчаў, казаў, што ўдзельнікаў такіх гульняў трэба пажыццёва дыскваліфікаваць.

Галоўны трэнер ФК «Іслач» Віталь Жукоўскі. Фота — fcisloch.by 

«Не хацеў верыць»

«Раней не было пацверджанай інфармацыі і не хацелася верыць.

Дакладна ўжо я даведаўся ўчора, не было на трэніроўцы некаторых футбалістаў — Лебедзева, Цішкевіча — і трэнера Макоўскага. Тэлефоны былі выключаныя. Трэнер, Уладзімір Макоўскі, сказаў, што нічога страшнага не адбылося, пасмяяўся. А футбаліст Цішкевіч ужо распавёў, у чым справа.

Алумона, Будакоў і Парываеў таксама датычныя да гэтай справы.

Ну і сёння я схадзіў у бальніцу, вярнуўся дамоў, і жонка паказала мне запіс перадачы «Зона Х» пра гэта.

Але была размова з міліцыяй і раней. У канцы мая я хадзіў да Сяргея Вагаршакавіча Сафар’яна. Я апрануўся прыгожа, думаў, мо што прапануюць, мо зборную? (Смяецца). Але там сядзела некалькі людзей з міліцыі, якія без прозвішчаў намякнулі, што могуць быць замешаны мае футбалісты. Стаяла пытанне нават, а ці не ўдзельнічаю я. Тады я абмацюкаў праваахоўнікаў – цяпер прыношу ім прабачэнні.

Калі федэрацыя сказала, што ў мяне больш за ўсё людзей «працуе», я таксама не мог уцяміць — як гэта?

Сёння я згубіў сябра, Макоўскага. Раней я пытаўся ў яго, але ён кляўся, што такога не можа быць, што сваю каманду ніколі на падставіць».

Наконт таго матча

«Гульцы, якія «злівалі», падстаўлялі фактычна маладых гульцоў — перадачы аддаваліся так, што чалавек не паспяваў за імі. У перапынку распранальня ў мяне проста «лётала».

Яны на той гульні грошай не зарабілі — ім далі капейкі. Але яны былі ўжо ручныя, злівалі б усё запар.

Потым быў разбор, я спытаў у людзей — прызнайцеся. Але ўсе маўчалі».

«Гэтыя людзі ў нас больш не працуюць»

«Цяпер замазана ўсё, на што мы аддавалі столькі высілкаў. І клуб пойдзе да канца.

Сёння я папрасіў гэтых людзей, каб яны больш не з’яўляліся на трэніроўках. Яны больш не працуюць у нас.

Крыўдна, што менавіта я набіраў гэтых гульцоў. Лебедзеў, Цішкевіч — я нават ужо думаў, як яны будуць працаваць потым у структуры клуба…

Сёння Макоўскі званіў мне і прасіў, каб імёнаў не было на прэс-канферэнцыі. У Сашы Цішкевіча паніка — кар'ера скончылася, лічы.

Я не хачу ламаць іх жыцці, але я павінен расказаць, як і што адбылося. Трапіліся — значыць трапіліся. Я ж таксама «трапіўся» — вось, сяджу тут.

І я ніколі не падам рукі людзям, якія гэта зрабілі».

«Калі «Іслач» панізяць у класе, мне просты шлях на рынак. З футболам, напэўна, прыйдзецца завязаць», — смутна пажартаваў на развітанне Жукоўскі.

Не першы выпадак

У цяперашні час аператыўнікамі правяраецца аператыўная інфармацыя аб магчымых фактах арганізацыі іншых «дагаварнякоў». Неабходнае садзейнічанне ў гэтым аказвае Беларуская федэрацыя футбола.

У ліпені праваахоўнікі паведамілі пра выяўленне дагаварных матчаў у першай лізе. Пад падазрэнне трапілі гульні «Баранавічы» — «Ашмяны» (1:0) і «Ашмяны» — «Прамень» (3:3).

Пасля апошняй гульні спецназ затрымаў футбалістаў «Ашмянаў», прычым зрабіў гэта так, што адзін з гульцоў, Сяргей Булынёнак, трапіў у бальніцу з цяжкімі траўмамі твару. Трохі пазней, у пачатку жніўня, з’явілася інфармацыя, што да «дагаварнякоў» мае дачыненне грамадзянін Украіны, яму было прад’яўлена абвінавачванне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру