Старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі могуць абмежаваць у правах кіравання аўтамабілем з-за неаплачаных штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Як паведаміў палітык, яму прыйшла позва аб тым, што пытанне пазбаўлення яго правоў будзе разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 25 жніўня.

«Пазбавіць правоў хочуць, але, напэўна, не змогуць. Гэта ўжо не першая спроба «пакласці лапу» на маю маёмасць. Я прызнаю, што штрафаў у мяне за год каля 15, але і адзначу, што судовыя выканаўцы працуюць вельмі дрэнна ці праз непрафесіяналізм, або праз ціск сілавых структур. Таму што мяне спачатку закідваюць паперамі, а пасля аказваецца, што я гэтыя штрафы ўжо аплаціў», — адзначыў палітык.

Па словах Лябедзькі, ён мае намер ісці ў суд і разбірацца ў сітуацыі. Раней з-за неаплачаных штрафаў судовыя выканаўцы ўжо арыштоўвалі яго маёмасць, у тым ліку накладвалі арышт на рахунак мабільнага тэлефона.

У апошні час судовыя выканаўцы актывізавалі сваю дзейнасць у дачыненні да апазіцыянераў, якія маюць запазычанасць па выплаце штрафаў, накладзеных на іх за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. На днях быў канфіскаваны тавар у актывіста прадпрымальніцкага руху Аляксандра Макаева, накладзены арышт на мінскую кватэру актывісткі грамадскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» Тамары Сяргей, на таргі выстаўлены дачны ўчастак з хаткай пенсіянеркі Ніны Багінскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?