Дыверсанты, якія планавалі здзейсніць тэракты ў Крыме, мелі намер падарваць трасу Сімферопаль — Ялта падчас перамяшчэння картэжаў кіраўніцтва рэспублікі і федэральных уладаў, сцвярджаюць крыніцы афіцыйнай «Российской газеты».

ТАСС

Пра тое, што Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны мела намер здзейсніць тэракты на паўвостраве, ФСБ паведаміла раней у сераду. Паводле звестак расійскай спецслужбы, у выніку правядзення спецаперацыі ў ноч на 7 жніўня ў Армянску загінуў супрацоўнік ФСБ, у ноч на 8 жніўня загінуў вайсковец Міністэрства абароны Расіі. Тады, як сцвярджае ФСБ, спецпадраздзяленні Міністэрства абароны Украіны зрабілі «дзве спробы прарыву дыверсійна-тэрарыстычных груп».

«Камерсант» са спасылкай на крыніцы паведамляе, што загінулы аказаўся камандзірам роты ГРУ, які цяпер пахаваны ў Сімферопалі.

«Российская газета» са спасылкай на крыніцы піша, што аперацыя 7 жніўня пачалася пасля таго, як жыхары Армянска паведамілі ФСБ аб «падазроных людзях у вайсковай форме». «Камерсант» піша, што на некалькі дзён была абмежаваная праца КПП праз мяжу. У Армянску, Джанкоі, Краснаперакопску на вуліцах з'явіліся ўзброеныя расійскія ваенныя і бронетэхніка, неба патрулявалі верталёты. Жыхары паведамлялі і аб масавых адключэннях інтэрнэту на тэрыторыі паўночнага Крыма.

«Российская газета» піша, што па прыездзе на месца ў ноч на 7 жніўня сілавікі выявілі прыкладна 20 чалавек, якія грузілі з таемнага сховішча выбухоўку і зброю. Выданне сцвярджае, што, убачыўшы супрацоўнікаў ФСБ, група адразу адкрыла агонь на паражэнне, у ходзе спецаперацыі «адказ агнём як мінімум адзін дыверсант быў знішчаны і некалькі паранена». ФСБ падкрэслівала, што тады сілавікі выявілі 20 самаробных выбуховых прылад магутнасцю больш за 40 кг у трацілавым эквіваленце, боепрыпасы, супрацьпяхотныя і магнітныя міны і гранаты.

Крыніцы выдання распавялі і пра маршрут пранікнення дыверсійна-тэрарыстычных груп 8 жніўня. Газета піша, што яны спрабавалі прайсці праз возера Сіваш, якое часткова перасыхае летам, прычым «украінскія БТР нават заходзілі ў ваду Сіваша, каб прыкрыць агнём сваіх дыверсантаў». Крыніца «Інтэрфакса» у праваахоўных органах заявіла, што колькасць групы складала 15 чалавек.

Відавочцы ў гутарцы з «Коммерсантом» распавялі, што ў ноч на 8 жніўня «былі добра чутныя» аўтаматныя чэргі на пункце пропуску «Армянск». Паводле дадзеных выдання, супрацоўнікі памежнай службы выключылі святло на КПП і загадалі ўсім людзям заставацца ў аўтамабілях. На наступны дзень памежнік заявіў, што пункт пропуску закрыты.

Паводле інфармацыі крыніцы «Коммерсанта» ў праваахоўных органах, падчас аперацыі было паранена дзесяць расійскіх вайскоўцаў. Афіцыйнага пацверджання інфармацыі няма. Пры гэтым некалькі дыверсантаў змаглі схавацца на тэрыторыі Крыма, цяпер працягваецца іх пошук, сцвярджаюць суразмоўцы выдання.

ФСБ паведаміла, што падчас аперацый былі затрыманыя людзі, якія аказалі садзейнічанне ў падрыхтоўцы тэрактаў. Сярод іх былі грамадзяне Расіі і Украіны, у тым ліку супрацоўнік выведвальнага кіравання Яўген Паноў. Ён дае прызнальныя паказанні. «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу паведаміў аб трох затрыманых, крыніца «РІАН» паведаміла пра сем затрыманых. Аднак выведка Мінабароны Украіны абвергла інфармацыю пра затрыманне сваіх супрацоўнікаў, перадае «РІАН».

Упраўленне ФСБ па Крыме і Севастопалі распачало крымінальную справу па факце здарэння. Расія ўзмацніла памежны рэжым з Украінай, на тэрыторыі Крыму ўведзеныя дадатковыя меры бяспекі.

Міністэрства абароны Украіны адмаўляе дачыненне да падрыхтоўкі тэракту на паўвостраве. Гэтая інфармацыя з'яўляецца фэйкавай, заявіў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны ў размове з Reuters. Дарадца кіраўніка СБУ Юрый Тандыт падкрэсліў, што Украіна не спрабуе вярнуць Крым з дапамогай сілы.

Віцэ-спікер Дзяржаўнай рады Крыма Рэмзі Ільясаў заявіў, што пранікненне дыверсантаў на тэрыторыю паўвострава можна расцэньваць як аб'яўленне вайны. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвінаваціў украінскія ўлады ў пераходзе да тэрору.

«З расійскага боку ёсць страты, забіта двое вайскоўцаў. Мы, безумоўна, міма такіх рэчаў праходзіць не будзем. Хацеў бы звярнуцца да нашых амерыканскіх і еўрапейскіх партнёраў. Думаю, для ўсіх відавочна, што сённяшнія кіеўскія ўлады не шукаюць спосабу вырашэння праблем на перамовах, а пераходзяць да тэрору. Гэта вельмі трывожная рэч», — сказаў ён.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што абвінавачванні расійскім бокам Украіны ў тэрарызме — гэта фантазіі і нагода для чарговых ваенных пагроз у адрас Украіны.

«Менавіта Расія ўжо даўно шчодра фінансуе і актыўна падтрымлівае тэрарызм на тэрыторыі Украіны, падняўшы яго да ўзроўню сваёй дзяржаўнай палітыкі — і ў акупаваных раёнах Данбаса, і ў анексаваным Крыме, у стылі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Расіі не ўдасца сваімі правакацыйнымі заявамі дыскрэдытаваць Украіну ў вачах міжнароднай супольнасці і дамагчыся адмены заслужаных санкцый, уведзеных з боку нашых партнёраў», — заявіў Парашэнка.

Скаардынаваная хваля публікацый пра ўкраінскіх дыверсантаў у расійскіх СМІ супала з адступленнем расійска-сірыйскіх сілаў у Алепа, дзе паўстанцы прарвалі блакаду горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?