Яўген Паноў

Яўген Паноў

Украінца Яўгена Панова выкралі ў Запарожскай вобласці і вывезлі ў Крым, лічыць яго брат Ігар Кацелянец.

«Я да гэтага часу не магу паверыць у рэальнасць падзей. Майго брата выкралі. Не існуе ніякага іншага варыянту, як ён мог апынуцца ў Крыме», — напісаў ён у Facebook.

Пасля Кацелянец распавёў журналістам у Кіеве: «Мой брат на мінулым тыдні планаваў разам са сваім сябрам з Энергадара паехаць у запарожскі гарадскі шпіталь на рэабілітацыйныя мерапрыемствы. Яны некалькі дзён гэта планавалі і ў апошні моманту яго сябар сказаў, што ў яго нейкія справы паўсталі і ён не можа паехаць «.

Яўген Паноў, па словах роднага брата, вырашыў не ехаць адзін у ваенны шпіталь, затое планаваў сустрэцца з кім-небудзь з сяброў з вобласці — «або з нейкага суседняга сяла, або з суседняга горада».

Кацелянец адзначыў, што брат — атошнік, з 2014-га па 2015 год ваяваў на Данбасе, а як вярнуўся з АТА — займаўся валанцёрскай дзейнасцю, таму ў яго з'явілася значна больш сяброў, знаёмых, новых людзей, таму што людзі масава дапамагалі ўсходу.

«Да каго менавіта ён паехаў — я не ведаю, але ён з'ехаў у суботу раніцай на сваёй машыне, узяў толькі маленькую сумку, у якую паклаў ручнік, бялізну, зубную шчотку — усё», — сказаў мужчына.

«На відэа яго затрымання, якое паказваюць расейскія тэлеканалы, як яго вядуць па аддзяленні міліцыі, ён ідзе ў звычайнай футболцы, звычайных штанах-трэніках. Я пазнаю гэту футболку, у ёй ён мог паехаць недзе ў гараж рамантаваць машыну ці на дачу на шашлыкі. таму я думаю, што ён проста хацеў сустрэцца з кім-небудзь з сяброў, на якія шашлыкі — справа выхаднога дня, не больш», — заявіў Кацелянец.

Ён удакладніў, што брат «браў да гэтага за свой кошт (выхадны) у панядзелак — каб паехаць у ваенны шпіталь».

«Паколькі са шпіталем не склалася, ён папярэдзіў жонку: «Я паеду, але я вярнуся ў нядзелю, можа, у панядзелак». Апошні раз жонка размаўляла з ім у суботу ўвечары, ён патэлефанаваў сказаць, што ўсё акей, я заўтра буду», — адзначыў брат Панова.

«У нядзелю ён ужо не выходзіў на сувязь… Чаму адразу не падумалі аб дрэнным? Таму што ў яго стары Lenovo тэлефон, які ў апошні час часта разраджаецца — нават калі ён ездзіць па горадзе, яго ледзь хапала на паўдня… Падумалі, што ён проста дзесьці за горадам, у яго сеў тэлефон… Да таго ж мне позна ўвечары ў суботу прыйшла смс-ка «ваш абанент зноў на сувязі». Я ператэлефанаваў, але ён зноў па-за зонай», — растлумачыў ён

«Чакалі яго ў нядзелю — няма, чакалі ў панядзелак — няма, і пачынаем нейкія пошукі… Ён не з'явіўся ў аўторак — мы ўжо актыўна сталі шукаць. У сераду мы даведаемся з навіны на «Украінскай праўдзе», што ў Крыме затрыманы Яўген Паноў, 1977 года… Калі паказалі відэа, я пераканаўся, што гэта ён», — сказаў Кацелянец.

Ён заявіў таксама: «Я звяртаўся па дапамогу да высокапастаўленых асоб, мне абяцалі, што даведаюцца, ператэлефануюць — але да гэтага часу мне ніхто не ператэлефанаваў».

Кацелянец адзначыў, што ў брата, як у атошніка, была форма, берцы, рыштунак — гэта і цяпер знаходзіцца на балконе ў яго дома.

Раней Федэральная служба бяспекі Расеі абвінаваціла Міністэрства абароны Украіны ў падрыхтоўцы тэрактаў у анексаваным Крыме.

Па сцвярджэнні ФСБ РФ, «адным з арганізатараў з'яўляецца Паноў Яўген Аляксандравіч, 1977 года нараджэння, жыхар Запарожскай вобласці, супрацоўнік ГУР МА Украіны». Панова затрымалі.

Прадстаўнікі ўкраінскай ўлады абвінавачанні адмаўляюць і падазраюць расейскія ўлады ў правакацыях з мэтай апраўдання сваіх дзеянняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?