Канстытуцыйны суд Польшчы вырашыў, што частка заканадаўства, якое рэфармуе працу самога суда, не адпавядае канстытуцыі краіны.

На нарадзе ў чацвер суд прызнаў неканстытуцыйнай папраўку, згодна з якой, каб накласці на рашэнне вета, трэба, каб за гэта выказаліся чатыры з 15 суддзі КС.

Таксама суд адхіліў змену, якая абавязвае яго разглядаць усе справы ў храналагічным парадку. Цяпер рашэння суда чакаюць каля 400 скаргаў. Калі папраўка будзе прынятая, то на практыцы новыя законы не будуць правярацца судом на працягу некалькіх гадоў.

Урад прыняў рашэнне аб рэформе канстытуцыйнага суда краіны ў канцы мінулага года.

Гэтае рашэнне прывяло да акцый пратэсту ў краіне і крытыкі з боку ЕС. У Еўракамісіі палічылі, што рэформа пагражае вяршэнству права ў краіне. ЕС абяцае накласці на Польшчу санкцыі, калі крызіс не будзе вырашаны ў бліжэйшыя месяцы.

Пасяджэнне суда ў гэты чацвер суправаджалася акцыямі пратэсту: людзі, якія сабраліся каля будынку суду, патрабавалі адмяніць папраўкі.

Суд ужо прызнаваў рэформу незаконнай у сакавіку гэтага года. Аднак прэм'ер-міністр краіны Беата Шыдла заявіла, што ўрад будзе ігнараваць рашэнне суда і правядзе рэформу.

Закон быў прыняты парламентам краіны ў ліпені, а затым яго падпісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

У лістападзе мінулага года да ўлады ў краіне прыйшла кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць». Амаль адразу пасля гэтага партыя пачала настойваць на рэформе канстытуцыйнага суда краіны, а таксама прапаноўваць сваіх кандыдатаў на пасаду суддзяў.

На думку прадстаўнікоў партыі, сярод суддзяў КС занадта шмат іх палітычных апанентаў. Калі не рэфармаваць суд, то «Права і справядлівасць» не зможа праводзіць сваю кансерватыўную палітыку.

Многія праваабаронцы настойваюць, што рэформа пагражае прынцыпу падзелу ўлады і незалежнасці судовай сістэмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?