Заслужаная артыстка Беларусі, загадчыца кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Дарафеева зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты. Пра гэта спявачка паведаміла БелаПАН.

irinadorofeeva.ru

«Так, мяне зарэгістравалі ўчора і ўжо ўручылі пасведчанне», — сказала яна.

Дарафеева адзначыла, што ўжо адкрыла выбарчы рахунак, пасля гэтага плануе пачаць актыўную агітацыю. «Учора мы выстаўлялі першы пікет, пакуль агітацыя не вельмі эфектыўная з-за таго, што ў нас няма друкаваных матэрыялаў. Так што пакуль проста піярым выбары», — адзначыла яна.

У пачатку перыяду збору подпісаў Дарафеева прызнала, што ў яе на той момант не было аформленай праграмы. «Спачатку трэба сабраць подпісы, а далей актыўна прапрацоўваць праграму», — заявіла спявачка. Зараз тэкст праграмы гатовы і аддадзены для публікацыі ў СМІ.

У ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за Дарафееву ўваходзілі ў асноўным студэнты і выпускнікі ўніверсітэта культуры і мастацтваў. На яе пікетах выкарыстоўваліся сцягі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Заслужаная артыстка стала кандыдатам па 105-й Старавіленскай выбарчай акрузе ў сталіцы. Паводле дадзеных акруговай камісіі, Дарафеева здала больш як 4,8 тыс. подпісаў за сваё вылучэнне.

Сярод яе канкурэнтаў, таксама зарэгістраваных у акрузе, старшыня Асацыяцыі даследчыкаў міжнароднага права і арбітражу Андрэй Козік (сын экс-старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка), супрацоўнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна, член Кампартыі Кірыл Герасімаў, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Часалаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка, а таксама філосаф, вылучэнец ад Партыі БНФ Уладзімір Падгол. Тут было адмоўлена ў рэгістрацыі кіраўніку Мінскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову. Дзейны дэпутат ад акругі, кіраўнік парламенцкай камісіі па міжнародных справах Мікалай Самасейка ў трэці раз у Палату прадстаўнікоў вылучацца не стаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0