Міністэрства культуры будзе надаваць больш увагі ідэі, зместу і выкананню сацыяльнай рэкламы, якая ўзгадняецца з гэтым дзяржаўным органам. Такім чынам на прэс-канферэнцыі 11 жніўня ў Мінску намеснік міністра культуры Ірына Дрыга пракаментавала скандальны плакат з мноствам памылак на адным з рэкламных шчытоў у сталіцы, прысвечаны Году культуры ў Беларусі.

У пачатку жніўня ў СМІ з'явіліся фатаграфіі білборда на скрыжаванні сталічных вуліц Першамайскай і Пуліхава. На плакаце была выява Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама помніка беларускаму першадрукару Францыску Скарыну. Плакат суправаджаўся тэкстам на беларускай мове, у якім былі дапушчаныя чатыры граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі, а таксама адна факталагічная: Скарына быў названы грамадскім дзеячам XV, а не XVI стагоддзя. На прадпрыемстве «Мінскрэклама» журналістам заявілі, што эскіз плаката распрацоўвалі ў Міністэрстве культуры. Пасля скандальны плакат быў заменены на патрыятычную рэкламу.

«Пры ўзгадненні сацыяльнай рэкламы (калі яна ўзгадняецца з Міністэрствам культуры), зразумела, што мы яшчэ больш увагі будзем надаваць не толькі добрай ідэі, але і яе адпаведнаму ўвасабленню», — сказала Дрыга.

Яна падкрэсліла важнасць годнай рэалізацыі праектаў, накіраваных на «прапаганду беларускай культуры, літаратуры, традыцый, у тым ліку беларускай мовы».

«Калі ўсяму гэтаму будзе надавацца такая ўвага, то яшчэ больш шырока будуць распаўсюджвацца культуралагічныя веды і такіх, скажам, недарэчнасцяў, больш не будзе. Тым больш што ў наступным годзе будзе юбілей беларускага кнігадрукавання, — заявіла чыноўніца. — Я думаю, што ўвага да асобы Францыска Скарыны, да гісторыі беларускага кнігадрукавання ў цэлым будзе больш пільнай».

«І мы, і мясцовыя ўлады, і нашы арганізацыі культуры зробім усё, каб інфармацыя падавалася дакладна і з боку зместу, каб не было змястоўных памылак, і з боку формы, у тым ліку ўжывання нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы», — заявіла намеснік міністра культуры.

У той час як Дрыга пераконвала прэсу, што міністэрства будзе больш дбайна сачыць за якасцю сацыяльнай рэкламы, журналісты выявілі чарговы скандальны плакат на вуліцах сталіцы. На білбордзе, устаноўленым на вуліцы Леніна недалёка ад Мінскага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, вісіць рэклама партала museums.by і плацежнай сістэмы «Белкарт». На плакаце з памылкамі напісана: «Любішь свою краіну — далучайся», ніжэй указаны аўтар рэкламы — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У маі гэтага года карыстальнікі сацыяльных сетак выявілі сур'ёзную памылку на білбордзе на вуліцы Якуба Коласа ў Гродне. Ён быў выраблены да XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. На плакаце прыводзілася коласаўская цытата: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову». Пры гэтым на плакаце быў партрэт іншага класіка беларускай літаратуры — Янкі Купалы.

Пасля гэту сітуацыю пракаментаваў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік: «Вядома, гэта дрэнна. Дрэнна, натуральна. Што можна сказаць? Больш уважлівымі трэба быць, глядзець, што вы да білборда [мацуеце]. Гэта вельмі сур'ёзнае пытанне, вядома, дрэнна гэта. Ну, жыццё наша такое. Я ўсё добра разумею, ну, атрымалася так. Будзе ўрок. Думаю, адпаведныя высновы кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама зробіць па гэтым пытанні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?