За хуліганства і наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці з прычыненнем шкоды ў буйным памеры асуджаныя двое 23-гадовых непрацуючых мужчын. Адзін з іх жыхар Століна, другі — Івацэвіцкага раёна.
Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч, 24 красавіка каля 2.00 у Століне маладыя людзі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, пашкодзілі гандлёвы кававы аўтамат, усталяваны паблізу гандлёвага павільёна.
Па словах мужчын, яны спрабавалі падмануць кававы апарат пабачаным у інтэрнэце спосабам. Не атрымаўшы ні кавы, ні укладзенай купюры, яны пачалі біць нагамі па апараце, і той упаў.
Згодна з заключэннем экспертызы, рэшткавы кошт кававага аўтамата, які рамантаваць немэтазгодна, складае 73 504 000 недэнамінаваных рублёў.
Жыхару Століна, які не мае судзімасці, прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, раней судзімаму жыхару Івацэвіцкага раёна — тры гады і чатыры месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
З абвінавачаных у салідарным парадку спагнана на карысць індывідуальнага прадпрымальніка (уладальніка кававага аўтамата) 7 350 дэнамінаваных рублёў.
Прысуд яшчэ не набыў законную моц. Пракурор Столінскага раёна прынёс апеляцыйны пратэст, у якім ён паставіў пытанне аб змене рэжыму папраўчай калоніі жыхару Івацэвіцкага раёна з агульнага на ўзмоцнены.





