Першай беларускай медалісткай у Рыа-2016 стала цяжкаатлетка Дар'я Навумава. «Наша Ніва» знаёміць чытачоў з срэбранай прызёркай Алімпіяды.
Нарадзілася ў Клічаўскім раёне
Дар'я нарадзілася ў вёсцы Патока Клічаўскага раёна. Навумавы — шматдзетная сям'я. Цяпер спартсменка жыве ў Бабруйску.
Навумавай усяго 20 гадоў. 26 жніўня яна будзе святкаваць свой наступны дзень нараджэння.
Спартсменка навучаецца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, якое мае скончыць ў 2020 годзе.
Чэмпіёнкай яшчэ не была
У дзяцінствае Дар'я пачынала займацца лёгкай атлетыкай — штурханнем ядра і кіданнем дзіды. Але ў 10 класе змяніла профіль на цяжкую атлетыку.
Навумава выступае ў вазе да 75 кг, і яе кар’ера на дарослым узроўні яшчэ толькі пачынаецца. На леташнім чэмпіянаце Еўропы спартсменка заняла 4-е месца, а на чэмпіянаце свету — 6-е месца.
Галоўны фаварыт зборнай
Вынікі беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе, мякка кажучы, не самыя паспяховыя. Аднак гэта не навіна — перад пачаткам спаборніцтваў адно з найбуйнейшых міжнародных інфармацыйна-навінавых агенцтваў Associated Press склала медальны прагноз. На думку агенцтва, Беларусь мусіла заваяваць сем медалёў, з якіх толькі адзін — залаты. І яго віртуальна «прысудзілі» менавіта Навумавай.
Удзельніца хурала
Сёлета Навумаву ўключылі ў склад дэлегацыі Бабруйска на ўсебеларускі сход. «З праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 - 2020 гады я азнаёмілася і лічу, што абсалютна ўсе яе пункты вельмі значныя. І не толькі для мяне асабіста, але і для ўсяго беларускага народа, для нашай краіны», — нібыта заявіла навучэнка вучылішча алімпійскага рэзерву мясцовай прэсе.





