— Гэта было ў красавіку або маі, дакладна не памятаю. Мама ўжо зняла кватэру і схавалася ад яго ў Мінску. Ткачоў высачыў яе ў Дзяржынску, накінуўся з нажом. Ёй тады пашанцавала, ехала міліцыя, ён спалохаўся… 10 жніўня ёй ужо ніхто не дапамог… У Фаніпалі ў мамы буцік. Днём ён туды прыйшоў… Эксперты налічылі ў мамы 44 нажавыя, памерла на месцы… Да гэтага яна не раз пісала на яго заявы, прасіла штосьці зрабіць, але яго нават на 15 сутак не забіралі: пагавораць і адпусцяць. Ткачоў калісьці быў старшынёй Дзяржынскага райвыканкама, лічыў: усё яму можна… У міліцыі казалі: «Гэта бытавуха, што мы зробім?»

«А мне што рабіць? — плакала мама. — Чакаць, пакуль заб'е?!» Ён і забіў…

Фота: TUT.BY

Усё гэта распавядае Аксана Базык, дачка загінулай Любові Ткачовай. Пару дзён таму яна пахавала маці і ўсё яшчэ носіць жалобу. Мы сядзім у офісе рэдакцыі, у руках Аксаны мамін партрэт. На здымак усмешлівай Любові Іванаўны капаюць слёзы дачкі. Да свайго 59-га дня нараджэння загінулая не дажыла 11 дзён.

— Усе кажуць, гэта з рэўнасці. Яны 30 гадоў былі разам. Ён лічыў, што яна яго рэч, уласнасць, рабыня, — разважае Аксана. — Гэта не каханне. З такой жорсткасцю, з такой сатанінскай нянавісцю ён яе забіў, любові там ніякай не было. Калі Ткачова затрымалі, дом, дзе яны з мамай жылі, абшукалі. Яго любімых рэчаў там не знайшлі. Шашкі, рэвальвера, грошай — нічога няма. Ён жа і мне пагражаў, што зэкаў нойме… У мяне пяцёра дзяцей, я баюся. І за іх баюся, і за сябе.

Увесь час Аксана глядзіць на мамін партрэт. Размаўляе са мной, а як быццам распавядае ёй:

— Мне было сем гадоў, калі яны пазнаёміліся. Мы з мамай жылі ў Хоцімску, Уладзімір Ільіч стаў да яе заляцацца, потым яны пажаніліся, потым пачаліся скандалы. Кожную раніцу я прачыналася ад яго крыкаў. У яго ўладны характар. Мама баялася за сваё і маё жыццё, але не сыходзіла, а Ткачову ўсе прапаноўвалі і прапаноўвалі новыя пасады. У 1999-м ён стаў старшынёй Дзяржынскага райвыканкама.

— Ваша мама паведамляла кудысьці, што дома цяжкая абстаноўка?

— Куды яна магла паведаміць? Ён жа чалавек ва ўладзе. Калі яго прызначылі старшынёй, думалі, яго гэта стрымае. Усё ж такі пасада такая. У яго з'явілася іншая жанчына, у 2001-м яны развяліся. Гады тры прайшло — і яго пасадзілі. Палюбоўніца, знаёмыя — усе пасля крымінальнай справы адвярнуліся ад яго. Толькі мама пашкадавала. Прадукты, перадачы ў турму вазіла. Ён ёй лісты пісаў. Пакуль сядзеў, яна купіла дом, а калі выйшаў, па дамове найму прапісала.

— Навошта?

— А куды яму было ісці? Вяртайся, жыві. Не чужы ж чалавек. Ён спачатку быў нічога, паводзіў сябе спакойна, а потым пачаўся ўвесь гэты бруд. Ён казаў маме: гэта ты вінаватая, што мяне пасадзілі. І зноў яна пачала плакаць.

«Мы купілі ёй электрашокер і газавы балончык. З імі яна спала, у туалет хадзіла»

Па словах Аксаны, пра тое, які характар ва Уладзіміра Ільіча, ведалі ўсе: родныя, знаёмыя, калегі.

Фота: TUT.BY

— Калі ён зноў стаў яе даводзіць, мы завяліся: мама, пішы ў міліцыю. Яна доўга не хацела, усё паўтарала: не будзі ліха, пакуль яно ціха. Баялася, чым гэта можа для яе скончыцца. Мама хацела ад яго збегчы. Крычала: прададзім дом, грошы падзелім — і я паеду. «Так твая дачка тут, унукі», — палохаў ён. І яна зноў заціхала… Гэта быў Новы год. Здаецца, 2015-ы. Мама патэлефанавала, плача. Кажа, ён яе абражаў, дамагаўся. Яна сарвалася, збегла з дому. Ён не заўсёды яе біў. Яна сядзіць, глядзіць тэлевізар, а ён прыходзіць, пачынае бруд ліць. Чуткі пра яе распускаў, рабіў яе жыццё невыносным, хацеў, каб яна зноў вярнулася да яго. Гэта як вада, калі капае ў адну кропку, будзе ямка.

У той Новы год Аксана з мужам забралі Любоў Іванаўну да сябе і ўсё ж угаварылі напісаць на былога мужа заяву ў міліцыю. Жыць доўга з дачкой яна не магла: у вялікай сям'і Аксаны ў Мінску двушка. У Дзяржынскім РАУС Ткачавай параілі паставіць дом пад ахову — і калі скандал, ціснуць трывожную кнопку.

— Мы купілі ёй электрашокер і газавы балончык, — пералічвае маміны сродкі абароны Аксана. — З імі яна спала, у туалет хадзіла. Мама вельмі хацела прадаць дом, але Ткачову гэта не падабалася.

— Чаму яна проста не сышла?

— Не хапала смеласці. Я не ведаю…

***

Імя Уладзіміра Ткачова ўжо трапляла ў СМІ. Вытрымка з артыкула «Холад цёплага месца». «Савецкая Беларусь», 30.06.2004 года.

«Справа Ткачова — вельмі паказальны прыклад такой малапрывабнай з'явы, як службовая злачыннасць, — пісала «Савецкая Беларусь». — Дастаткова сказаць, што толькі апісанне ў прысудзе службовых «празмернасцяў» Уладзіміра Ільіча заняло цэлых 100 (!) машынапісных старонак».

«У адзін з ліпеньскіх дзён 2001 года Вольга Крутава […] затрымалася на працы. І да дома […] пад'ехала каля 23 гадзін […] ледзь жанчына адкрыла ўваходныя дзверы, як літаральна з парога была аглушана мудрагелістай нецэнзурнай тырадай. Гэта нецвярозы сябар Вольгі зайшоў у госці, каб высветліць адносіны: «Як ты магла мне здрадзіць?! Я ўсё ведаю! Я заб'ю сябе і цябе!» Вольга […] паднялася на другі паверх […]. У гэты момант раўнівы сябар выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў. На шчасце, ніхто не пацярпеў … […] Пазней падобныя сцэны паўтараліся яшчэ некалькі разоў. Напрыклад, у жніўні наваяўлены Атэла папрасіў Вольгу прыехаць да яго на працу, каб пагаварыць у апошні раз, паколькі ён нібыта вырашыў сысці з жыцця. Размова завяршылася тым, што кавалер дастаў пісталет і стаў пагульваць ім перад тварам спалоханай Вольгі: «Зараз я застрэлю цябе, а потым і сам…» Нейкім цудам жанчына здолела вырвацца і ўцячы дадому. […] Праз некалькі гадзін палюбоўнік уварваўся ў дом, жорстка збіў Вольгу і маці, якая ўстала на яе абарону…[…] У ролі Атэла выступаў не хто іншы, як цяпер ужо былы старшыня Дзяржынскага райвыканкама Уладзімір Ткачоў…»

***

— Мінулым летам ён зламаў ёй палец, яна зноў напісала заяву. Неяк прыехала дадому, не паспела на парог зайсці, ён учапіўся ёй у валасы, — працягвае Аксана. — Маму выратавала тое, што яна ўхапілася за ручку дзвярэй. Ён так цягнуў, што ён вырваў гэтую ручку, але яна збегла. І зноў напісала заяву. Можа, былі яшчэ звароты, я не памятаю. Колькі разоў яна выклікала міліцыю па трывожнай кнопцы. Яны прыедуць, правядуць тлумачальную гутарку. Часам і не правядуць, таму што, пакуль імчацца — ён агародамі, і ўцячэ… Нават на 15 сутак яго ні разу не забралі. А потым яна зразумела, што гэта бессэнсоўна. Што б яна ні прадпрымала, ёй гэта не дапамагала, а яго толькі яшчэ больш раздражняла. Ён адказваў: куды б ты ні знікла, я цябе знайду… Зарэжу, заб'ю… Шчыра, доўга мы не ўспрымалі гэтыя пагрозы сур'ёзна. Пасля скандалаў, калі яна ўцякала, ён тут жа пісаў ёй смс: «Я цябе люблю», тэлефанаваў, расказваў пра пачуцці. Ён мог набіраць яе па 60 раз на дзень, хацеў ведаць, дзе яна, што з ёй.

«Як мы везлі яе рэчы… Позна ўвечары… калі ён глядзеў тэлевізар»

Вясной 2016 га родныя ўгаварылі Любоў Іванаўну з'ехаць ад Ткачова, зняць кватэру і схавацца ў Мінску. Дачка кажа: незадоўга да пераезду яе мама купіла машыну. «Ткачова гэта злавала, неяк ён парэзаў ёй шыны, засыпаў цукар у бензабак». Яна так больш не магла.

— Як мы везлі яе рэчы… — Аксана зноў плача. — Позна ўвечары… калі ён глядзеў тэлевізар. Тыдні тры ён не мог яе знайсці. Калі зразумеў, што мама сышла, у яго была істэрыка. Усім тэлефанаваў: «Знайдзіце мне яе». А потым мама выходзіць з пад'езда, а там яго машына. Не ведаю, як ён яе вылічыў. Ён вазіў з сабой бінокль, тэлефанаваў: «Мне сказалі за табой сачыць, таму што ты займаешся наркотыкамі». Мы баяліся, што ён ёй што-небудзь падкіне. Ён так разумеў: ён з ёй пражыў столькі гадоў, яна павінна прысвяціць яму ўсё жыццё. У нейкі момант мы з мужам сказалі маме запісваць сваркі і тэлефонныя размовы з ім на дыктафон. Потым мама перадала гэта міліцыі. На адным з запісаў ён кажа: «Ты не хвалюйся, я цябе заб'ю, сяду ў турму. У турме таксама людзі жывуць». Калі ён ужо сядзеў, турма яго не палохала.

У красавіку Любоў Іванаўна напісала на былога мужа заяву ў УУС Мінаблвыканкама.

З заявы Л.І. Ткачавай ва УУС Мінаблвыканкама:

«… Прашу прыняць меры і абараніць мяне ад майго былога мужа — Ткачова Уладзіміра Ільіча, 1949 года нараджэння, бо ён ходзіць за мной, пагражае майму жыццю, пастаянна дамагаецца мяне, літаральна не дае жыць. […]. Ён двойчы судзімы, але праваахоўныя органы раёна не жадаюць з ім звязвацца. Ён палохае іх сваімі сувязямі, што супрацоўнікі, якія з ім звяжуцца, будуць звольненыя. […] Я бесперашкодна фізічна не магу выйсці за тэрыторыю свайго дома і ўчастка, бо ён на вароты і брамку вешае свае замкі, а ключы захоўвае ў сябе! Калі я еду — ён едзе за мной следам. […] Прадаваць дом не хоча, выкраў дакументы на дом і не аддае, паклёпнічае на мяне, распускае усялякія чуткі і плёткі, выстаўляе сябе ахвярай, што яму здрадзілі і кінулі. […] Знаходзіцца побач з гэтым чалавекам небяспечна для жыцця … […] Я проста не магу больш усё гэта вытрымліваць, я баюся за свой фізічны і псіхалагічны стан».

— Што адбывалася, пасля кожнай заявы?

0- Міліцыя рэагавала: прыходзіў участковы разбірацца. Але чаму нельга было Ткачова ізаляваць? Забараніць яму да яе набліжацца? Незадоўга да смерці маму выклікалі ў УУС на размову. Сказалі, каб па кожным факце яна пісала заяву. Не пускае ў хату — 102, крычыць — 102. Папярэдзілі: ён тут [у доме] прапісаны, але, калі будзе чарада заяў, яго змогуць выселіць. Мама разглядала гэты варыянт. Яна хацела прадаць дом і пачаць новае жыццё. Ён гэтага моцна баяўся, і таму забіў.

10 жніўня 2016 года. Расказвае Алег Базык, зяць загінулай:

— Гэта здарылася каля 13.00 у гандлёвым цэнтры ў Фаніпалі Любоў Іванаўна толькі адкрыла там «кропку». Яшчэ не знайшла прадаўца і сама гандлявала. Побач аддзяленне банка. У будні пакупнікоў там няшмат. З таго, што нам вядома: людзі чулі, як ён накінуўся на яе з нажом. Але ніхто нічога не мог зрабіць. Эксперты потым налічылі на яе целе 44 нажавыя раненні. Мужчыны, каб ён не ўцёк, зачынілі яго на паверсе да прыезду міліцыі, але ён выскачыў у акно.

— Днём ён патэлефанаваў цётцы: «Тома, я забіў Любу», — успамінае Аксана. — У міліцыю яго адразу не забралі. Ён пакідаў пакой і падвярнуў нагу, ці што там у яго здарылася, і яго паклалі ў райбальніцу. У дзень пахавання ён патэлефанаваў нашым сваякам і папрасіў прыехаць. Высунуўся ў акно: «Люба сама вінаватая. Правільна я яе зарэзаў». Сказаў выканаць апошнюю волю: адагнаць яго машыну знаёмаму. Пра гэты факт муж напісаў заяву ў міліцыю. Хай разбіраюцца.

Аксана ўсё глядзіць на фота шчаслівай мамы. Гоніць ад сябе страшныя думкі, але чорная стужка ў куце здымка зноў і зноў вяртае ў рэальнасць.

— Ужо калі мамы не стала, прыехала міліцыя, — кажа яна. — Я плачу, як жа так?! А мне: гэта ж усё былі пагрозы на словах. Але ён ёй нажом пагражаў. Здаецца, яны гэтага не пачулі. Мама ж не адна такая, колькі жанчын хаваюцца, баяцца, церпяць. Выходзіць, толькі смерць і можа паказаць, хто з табой побач. Толькі ад доказаў гэтых ахвяры ўжо няма ніякага толку…

У Дзяржынскім РАУС каментаваць сітуацыю адмовіліся. За інфармацыяй параілі звярнуцца ў прэс-службу УУС Мінаблвыканкама.

Сяргей Басько, супрацоўнік прэс-службы Мінаблвыканкама, пацвердзіў: заявы ад загінулай у міліцыю паступалі не раз. Супрацоўнікі часта выязджалі ў іх дом па трывожнай кнопцы.

— Следчы камітэт па гэтай справе праводзіць праверку, у выніку якой будзе дадзена ацэнка дзеянням супрацоўнікаў міліцыі.

У Следчым камітэце па Мінскай вобласці ўдакладнілі: крымінальная справа па факце гібелі Ткачовай заведзена. «Падазраваны, мужчына 1949 года нараджэння, зараз знаходзіцца пад вартай».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру