У маім мястэчку некалі стаяў кальвінісцкі збор. Яго пабудавалі з дрэва ў часы Вялікага Княства Літоўскага на беразе ракі Ашмянкі, у цэнтры мястэчка, адкуль разыходзіліся тры дарогі. Пры зборы быў шпіталь ды школа, выпускнікі якой вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах. Недалёка жыў пастар, які штонядзелю чытаў местачкоўцам казанні пра збаўленне душы. Пры зборы мусіла быць людна: непадалёк былі корчмы, а пры самой святыні будавалі свае дамы шляхцянкі-ўдовы, каб «жыццё пры хвале Божай весці».

У старых кнігах я прачытаў, што сярод прыхаджанаў жупранскага збору была мясцовая дробная шляхта — Пясэцкія. Акурат такое дзявочае прозвішча мела адна з маіх бабуль. Ейны род паходзіў з Замасцянаў, вёскі, што ляжыць на другім беразе Ашмянкі, амаль насупраць таго месца, дзе некалі стаяла пратэстанцкая святыня.

Пэўна, не раз з Замасцянаў прыходзілі мае продкі ў жупранскі збор на нядзельнае набажэнства.

Мая прапра…бабуля, магчыма, спаткаўшыся з адною са шляхцянак, якія жылі пры зборы, казала:

— Добры дзень вам, панечка, як здароўечка, што чуваць новага ў мосціпані?

— Дзякуй вам, ясачка! Усё добра. Сяную і грыбы сушу, што разам са службай у лесе назбірала…

— А ці чытала мосціпані апошнюю кнігу Кальвіна?

— А дзе там, мая любачка, панечка, яшчэ ўсяго Цвінглі праз гэнае сенаванне не адолела…

— А што зробіш, трэба працаваць, бо, як пастар казаў, хто будзе багацейшы, той больш пэўна можа меркаваць, што ў рай трапіць.

— Але, але, мая панечка. Твая праўда… Трэба мець надзею, як пастар казаў, дай яму Бог здароўя.

Непадалёк ад гэтага месца стаяў кальвінісцкі збор.

* * *

Цяпер я шпацырую па месцы, дзе некалі стаяў збор, і зайздрошчу тым людзям, якія жылі ў Жупранах у часы Вялікага Княства Літоўскага. Пры іх увесь час была надзея.

Цяпер у аграгарадку Жупраны не чытаюць Кальвіна ды Цвінглі, адно, бадай, гартаюць раённую газету з паведамленнямі пра ўраджай зерневых і зернебабовых.

* * *

— Ёсць што? — крычыць адзін мужык з сінім носам другому, які падшывае бот на падворку.

— Няма, — круціць той галавой. — Але можна падляцець на «точку»…

«Точка» — хата, дзе нелегальна, употайкі прадаюць самагонку. У аграгарадку ёсць некалькі такіх «точак».

* * *

— Ай-я-яй, — галосіць таўставатая маладзіца на вуліцы ды кляне сама сябе. — Чаму я такая нешчаслівая нарадзілася, чаму мяне мама маленькаю не задушыла-а-а.

Маладзіцу пабіў п'яны муж. Але яна не наракае на яго, не кляне гарэлку.

— І чаму я такая тоўстая? — сама сябе грызе маладая жанчына. — Як Манька худая, то ад мужа ў шафе схаваецца, а Танька праз акно выскачыць, калі мужык разыдзецца, а я ж тоўстая, у шафу не ўлажу, я ж праз акно нагі не задзяру-у-у.

* * *

Сухенькі і ахайны стары, які спяшаецца ў краму, сам зачэплівае мяне ды пачынае гаворку:

— Эх, навошта ў Савецкім Саюзе забаранялі рэлігію. Каб не забаранялі, дык, глядзіш, і Саюз бы не распаўся, і жылі б як людзі… А тут Амерыка ўсяго намяшала, паглядзі, што ва Украіне амерыканцы нарабілі, якую вайну развялі…

Пасля гэтых словаў стары тройчы жагнаецца ў бок касцёла, што стаіць на пагорку.

У аграгарадку.

Пры краме кабетка расказвае сяброўцы:

— Баба наша памерла, паехалі мы ейную хату на дровы разбіраць. Заходзім, а ў куфры, ну бо раней шафаў не было, цэлая гара старых лахманоў, нейкіх посцілак. Нейкай цвіллю ўсё гэта занялося, смярдзела староццем, дык мы расклалі агонь, папалілі проста на падворку. Шукалі, думалі, мо недзе якія залатыя манеты царскія будуць, але не знайшлі нічога…

— То вы ж маглі тыя посцілкі ў музей прадаць. Цяпер, кажуць, купляюць…

— Праўда, купляюць?

— Ну, пэўна, у Шчопанах, я ведаю, людзі гэтак посцілкі папрадавалі.

Кабетка падкусіла губу ды пайшла, знерваваўшыся.

— Паглядзі на дурную, як згрызлася… А я ж ёй нагаварыла абы-чаго, дзе тыя посцілкі хто ў Шчопанах купляў, каму яны патрэбныя? А гэная ад сквапнасці не засне, ха-ха-ха.

* * *

А каля рэчкі вэрхал: знайшлі ў лапухах басаножкі Агаткі, старой п'янчужкі, а яе самой нідзе няма.

— Утапілася, а мамачка, а родненькая, — плакаў ейны сын, што таксама любіў выпіць.

Ён ужо два разы прыбягаў у краму, браў «на вэксаль» — без грошай, адно з пазначэннем у сшытку — дзве скрынкі таннага віна, нібыта маці на паховіны.

— Не вытрымала такой жысці, — жаліўся дзябёлы сын. — А на каго мяне аднагопакінула-а-а, — заводзіў ён пад крамаю.

Увечары босая і расхрыстаная «нябожчыца» з растрапанымі валасамі прыйшла сама ў краму.

— Аеячкі, Агатка, а ты ўваскрэсла ці не ўтапілася? — пыталіся здзіўленыя прадавачкі.

— Што вы за х@рню выдумалі? — сварылася Агатка. — Я разулася і спала ў кустах, бо басаножкі мулялі…

Прадавачкі на радасцях далі ёй таксама дзве віна «на вэксаль».

* * *

А маладая Галінка, у якой трое дзяцей і ніводнага зуба, пільна разглядвае паліцы з віном.

— Галінка, ты ж атрымала грошы на дзяцей, не купляй віна, купі дзецям кашы.

— Ну пэўна што куплю, — сказала, пачырванеўшы Галінка, ды пайшла з крамы без нічога. Ногі самі яе панеслі да «точкі».

* * *

— Вось мой унук у Маладзечне проці Пуціна і Лукашэнкі, боўдзіла ж! — кажа мне даверліва, але адначасна і павучальна нейкая бабуля на прыпынку. — Ну, паўдурак! Сядзеў бы ціха, а то зараз павяжуць, у турму кінуць. А ён не баіцца, усім гаворыць. Справядлівасці яму трэба, а яе ж ніколі не было, гэнай справядлівасці. А чым цішэй сядзіш, тым цалейшы будзеш. Ці не праўду я кажу? Як мы яго з бацькамі ні прасілі, як ні плакалі, а ён усё роўна за сваё, хоць кол яму на галаве чашы.

У райцэнтры Ашмяна.

* * *

Я еду ў райцэнтр — у Ашмяну, а ў думках — чорна, і нешта страшна грызе, точыць у грудзях. Можа, некаму ўсё роўна, але я зусім не чую надзеі ў сваёй старонцы. Нешта, як жорнам, цісне душу.

На аўтастанцыі ў Ашмяне, дзе людзі чакаюць сваіх аўтобусаў, таксама ўсе гамоняць пра сумнае: гэны павесіўся, той засек жонку, гэты падпаліў хату суседцы — усё праз гарэлку. Ажно, выйшаўшы на перон, бачу хлопца — ідзе на аўтобус у цішотцы з беларускай Пагоняй і ўкраінскім Трызубам. Я ажно закалаціўся, а сэрца, здавалася, зараз выскачыць і пакоціцца па бруку — гэтак мяне агаломшыла пабачанае.

Гляджу-пільную, не зводзячы вачэй, у які аўтобус сядзе маладзён. Пэўна, у Менск ці Вільню? Не, едзе недалёка, у Граўжышкі. Не магу паверыць ды штосілы тру вочы. Аказваецца, жыве Пагоня яшчэ ў маім краі, жыве памяць пра Княства… Дык ёсць яшчэ тая надзея, што ўсё ж Жыве Беларусь!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру