Ігар Ягораў

Ігар Ягораў

Ігар Ягораў перакладае з кітайскай і ангельскай. Сярод іншага, пераклаў «Вялікія грудзі, шырокі зад», «Краіну віна» і «Стаміўся нараджацца і паміраць», тры раманы Мо Яня, кітайскага ляўрэата Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 2012 году; раман «Крывавы мэрыдыян» амэрыканца Кормака Маккарты; кнігу-эсэ «Белая багіня» брытанца Робэрта Грэйвса.

РС: Як наогул выглядае сытуацыя з выдаваньнем літаратуры ў Кітаі? Усё там пад кантролем дзяржавы?

Ігар Ягораў: Я напэўна не змагу адказаць канкрэтна на гэтае пытаньне, таму што ў мяне няма такіх зьвестак, наколькі дзяржава кантралюе працэс кнігавыданьня. Хутчэй за ўсё — так, кантралюе. Відаць, у нейкай ступені прысутнічае і цэнзура. Хоць напэўна ёсьць і нейкія незалежныя выданьні.

РС: А каб пісьменьніку выдаваць кнігі, то трэба быць у саюзе пісьменьнікаў? І дарэчы, там толькі адзін саюз пісьменьнікаў, ці ёсьць нейкі плюралізм?

Ігар Ягораў: Наколькі мне вядома, існуе адзін Саюз кітайскіх пісьменьнікаў, і гэта — дзяржаўная ўстанова. У ім настолькі шмат людзей, што яны падразьдзяляюцца на катэгорыі: пісьменьнік першай катэгорыі, другой катэгорыі, і так далей. У адпаведнасьці з гэтым ім нават выплачваецца зарплата.

РС: Вы перакладалі раманы Мо Яня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Ці вы мелі нагоду сустрэцца і пагаварыць з гэтым пісьменьнікам?

Ігар Ягораў: Так, я зь ім гаварыў, але гэтыя размовы былі даволі кароткія, у асноўным у часе маіх паездак у Кітай, у тым ліку падчас канфэрэнцыі перакладчыкаў кітайскай літаратуры. Гэта вельмі цікавы чалавек, і зь ім цікава размаўляць, хоць трэба сказаць, што ён ня вельмі адкрыты, і таму яго трэба, так сказаць, «разгаварыць», вывесьці на нейкую тэму. Можа быць, гэта ад таго, што ў яго такі характар выпрацаваўся ў жыцьці. Ён жа доўга служыў у арміі, дзе быў палітработнікам. Ну і ягоны псэўданім, які ён сабе выбраў — Мо Янь — значыць «не гавары», «не мялі языком». Таксама можа быць, што ён ня вельмі любіць гаварыць пры людзях, калі прысутнічае яшчэ нехта, у тым ліку прадстаўнікі Саюзу кітайскіх пісьменьнікаў, як гэта і было ў нас апошнім разам…

Але ён сам пра сябе кажа: усё, што я думаю, усё, што я хачу сказаць — вы можаце знайсьці ў маіх кнігах. Таму я вось чытаю ягоныя кнігі і такім чынам размаўляю з гэтым цікавым, глыбокім пісьменьнікам, глыбокім філёзафам, якім ён ёсьць, нягледзячы на тое, што ён сялянскага паходжаньня і адукацыя ў яго, скажам, не філялягічная, не падобная на адукацыю многіх іншых буйных кітайскіх пісьменьнікаў.

Ігар Ягораў і Мо Янь

Ігар Ягораў і Мо Янь

РС: У пасьляслоўях да польскіх і чэскіх выданьняў кніг Мо Яня я прачытаў, што, маўляў, Мо Яню дазваляюць пісаць больш, чым іншым. У ягоных раманах нібыта выразьней гучаць крытычныя ацэнкі жыцьця ў Кітаі, у іншых такога крытыцызму няма. Гэта нібыта таму, што ў Мо Яня моцная падтрымка ў арміі, сярод высокіх чыноў у кітайскай арміі…

Ігар Ягораў: Наконт падтрымкі самой арміі я ня ведаю, але ў яго засталося шмат сяброў з часу службы ў Народна-вызваленчай арміі Кітаю. Я нават чытаў успаміны аднаго генэрала, які служыў разам зь ім. Так, стаўленьне да яго там станоўчае. Але я ня думаю, што гэта было прычынай, што яму дазвалялі болей, чым астатнім. Думаю, нават наадварот.

Пасьля таго, як ён стаў намесьнікам старшыні Саюзу кітайскіх пісьменьнікаў, і пасьля таго, як яго выбралі ва Ўсекітайскі сход народных прадстаўнікоў, у яго застаецца штораз менш часу, каб пісаць. Ён моцна перажывае з гэтай прычыны, раней ён быў больш свабодны. А цяпер яму даводзіцца траціць шмат часу на розныя прадстаўнічыя функцыі, на розныя сходы і пасяджэньні, якія зьяўляюцца, так сказаць, нацыянальным хобі Кітаю.

Я ня згодны зь меркаваньнем, што яму дазваляюць больш, чым іншым. Так, я магу пацьвердзіць, што ў ягоных раманах вельмі шмат вострай і непрыемнай крытыкі, як сучаснага грамадзтва, так і таго, што адбывалася на працягу гісторыі Кітайскай народнай рэспублікі. Усё гэта ён паддае вострай крытыцы, папасьці яму на язык ня варта. Сатыра ў яго вельмі яскравая. Гэта можна назіраць і ў тых раманах, якія я перакладаў — напрыклад, у «Краіне віна», дзе высьмейваецца цяга чыноўнікаў да ежы, кулінарных выдумак і ўжываньня алькаголю…

Калі казаць, што Мо Янь шмат сабе дазваляе, то ў тым сэнсе, што ён дазваляе сабе гаварыць пра тыя праблемы, пра якія ў Кітаі гаварыць не прынята. Я ўпершыню сустрэў якраз у Мо Яня — ня ведаю, можа быць я і ня так шмат прачытаў — апісаньне ў рамане «Вялікія грудзі, шырокі зад» братазабойчай грамадзянскай вайны, якая мела месца пасьля перамогі над Японіяй і трывала да часу, калі перамаглі камуністы ў 1949 годзе… Таксама ён першы закрануў такую актуальную тэму, як абмежаваньне нараджальнасьці ў Кітаі…

РС: У кніг Мо Яня большыя тыражы, чым у іншых кітайскіх пісьменьнікаў?

Ігар Ягораў: Шчыра кажучы, ня ведаю. Але я сумняваюся. Мяркую, у яго стандартныя тыражы, як і ў іншых. Аднак я не валодаю адпаведнай статыстыкай па Кітаі. Вось у нас у Расеі сярэднія тыражы — 3-4 тысячы. А вось раман «Вялікія грудзі, шырокі зад», на маё зьдзіўленьне, быў выдадзены вельмі нязвыклым тыражом 12 тысяч.

РС: Ці дазваляюць улады кітайскім пісьменьнікам езьдзіць за мяжу? Напрыклад Мо Янь, ён быў за мяжою? У Расеі?

Ігар Ягораў: Так, ён быў за мяжою, ён быў пару разоў у Расеі. На жаль, гэта было да таго, як я зь ім пазнаёміўся, і я не сустракаўся зь ім у Расеі. Ён шмат езьдзіў і езьдзіць за мяжу, апошні раз, наколькі ведаю, ён быў у Паўднёвай Амэрыцы.

РС: Якім чынам Кітай стымулюе зацікаўленасьць кітайскай літаратурай за мяжою? У іх ёсьць нейкая адмысловая праграма?

Ігар Ягораў: Гэта ня толькі праграма, гэта закладзена нават у пастановах Камуністычнай партыі Кітаю. Наколькі прыгадваю, на апошнім партыйным зьезьдзе прагучаў намер зрабіць Кітай вялікай культурнай дзяржавай. Уласна кажучы, яны цяпер гэтым і займаюцца, то бок прасоўваюць сваю культуру, прасоўваюць сваю літаратуру па ўсім сьвеце. Гэта рашэньне Камуністычнай партыі, гэта іх праграма. І яны працуюць у гэтым накірунку дастаткова жыва і актыўна. Гэта можна назіраць хоць бы па тым, што ўжо чатыры гады выдаюць на ангельскай мове літаратурны дадатак да вядучага літаратурнага часопісу Кітаю — «Народная літаратура». Гэты дадатак называецца Pathlight («Каганец») (https://paper-republic.org/pubs/pathlight/). Акрамя гэтага, выйшлі выданьні гэтага часопіса на францускай, італьянскай і нямецкай мовах. Сёлета выйдзе ўжо другое выданьне на расейскай мове. Я якраз і займаюся гэтым дадаткам на расейскай мове. Да таго, кітайцы хочуць выдаваць такі дадатак яшчэ на японскай і карэйскай мовах.

РС: Дзякуем вам за размову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?