Раз на месяц мы з Наташай ездзім у супермаркет. Каля нашага інтэрната ёсць толькі адна крамка саўдэпаўскага тыпу, што ў народзе абазначаюцца як «быдлашоп». З півам і пельменямі ў выглядзе асноўнага асартыменту. Наташа кажа, што да майго з’яўлення ў інтэрнаце траціла там процьму грошай на няякасныя прадукты. Цяпер з маёй дапамогай яна купляе ў «Кароне» запас на месяц: мяса, крупы, сыр, яйкі, цукар, гарбату….

Наташа не бачыць. А яшчэ ў яе ДЦП і адна нага карацейшая за другую — хадзіць хутка не можа. Аднак вучыцца на юрфаку і жыве тут, у Мінску, адна, без родных.

Мы паволі рухаемся з прадуктовым вазком паміж стэлажамі. Наташа трымае спіс закупаў у галаве. Плануем, куды ісці.

— Ну ты расказвай пра ўсё, што бачыш.

— Наташа! — стагну я. Як растлумачыць невідушчаму чалавеку, што ў звычайным гіпермаркеце така-а-я колькасць тавараў… — Злева гарошак, ананасы, справа сувеніры. Зараз кіруем да гарэлкі.

— Ой не, нам туды не трэба! — смяецца Наташа. У яе на твары камічны хітры выраз, як заўсёды, калі яна жартуе.

— Давай у кулінарыю па мяса, потым у гародніну.

— Давай.

Падыходзім да вітрыны з мясам і фаршамі, я чытаю назвы і цэны. Наташа звяртаецца да раздатчыцы:

— Дайце, калі ласка, «Дамашні» паўкіло.

Звяртаецца трохі ў пустату. Яна толькі прыкладна вызначае, дзе стаіць чалавек за прылаўкам. Я не размаўляю з людзьмі замест яе і наогул не раблю за яе ўсё, каб не грузіць сваёй апекай. Нам абедзвюм з самага пачатку было зразумела, што гэта нікому не трэба.

Марыя Маляўка, фота з яе старонкі Укантакце.

Марыя Маляўка, фота з яе старонкі Укантакце.

Наташа — змагар за раўнапраўе інвалідаў у грамадстве. «Трэба не паса­дзіць інвалідаў на дапамогі, а даць ім магчымасць самім сябе забяспечваць». Хоча мець тыя ж правы і абавязкі, што і ў звычайнага чалавека. Ставіць у прыклад Еўропу. Без усялякага палітычнага кантэксту, проста ведае людзей адтуль і канстатуе, што інваліды там — зусім іншыя людзі. Жывуць актыўна, нечым цікавяцца, і гэта лічыцца нармальным. «А ў нас часам самі бацькі праз свой клопат замыкаюць дзяцей у чатыры сцяны. Хочуць аберагчы ад варожага свету. Абслугоўваюць ва ўсім, баяцца адпусціць на крок. У выніку дзеці не ўмеюць жыць самастойна, усталёўваць кантакты з людзьмі. У нас увогуле ў грамадстве лічыцца нормай, каб інвалід сядзеў дома. Задаволіць фізічныя патрэбы — і ўсё, што яшчэ трэба? З-за гэтага і самі інваліды не імкнуцца неяк развівацца. Навошта, калі ўсё зробяць за цябе? Мне, як правіла, цікавей паразмаўляць са здаровым чалавекам, чым з інвалідам».

Некаторыя, расказвае Наташа, бунтуюць і нават уцякаюць з дому. Спрабуюць адваяваць права на самастойнае жыццё. «Гэта рэальна вялікая праблема».

Нагрузілі да паловы вазок. Ідзем уздоўж прылаўкаў кулінарыі ў адваротным накірунку.

— Справа салаты, злева кансервы, яйкі, маянэз, жывая рыба…

— О! Жывая рыба? Я вазьму пару карпаў.

Адчуваю нейкае брыдкае смактанне пад страўнікам. Мне заўсёды нядобра пры выглядзе жывой рыбы. Шкада яе, бачыце… Але гэта глупства нейкае, вядома. Няхай Наташа бярэ.

Дзяўчына ў фірмовым аранжавым фартуху падыходзіць з сачком, каб вылавіць для Наташы карпаў.

— Сярэдненькіх.

Карп выслізгвае. У дзяўчыны вясёлы настрой, як быццам гэта нейкая гульня.

— Ай-ай! Зараз вось гэтага.

Гляджу трохі збоку. Камок у горле падскоквае ўгору.

Карпаў, завязаных у пакет, кідаюць у вазок. У момант падымаецца ванітная хваля, арганізм выходзіць з-пад кантролю: дрыжаць рукі, зво­дзіць твар. Хочацца кінуцца ў куток, дзе ніхто не бачыць, і сціснуцца як мацней, каб сутаргі не маглі курчыць рукі і ногі.

Чапляюся за край вазка і паціху штурхаю яго наперад. Трымаюся як мага далей ад пакета, што злёгку ўздрыгвае. Наташа ідзе побач. Стрымліваюся з усёй моцы, але на твары, мабыць, усё відаць. Добра, што Наташа не бачыць. Яшчэ шмат чаго трэба купіць.

Нарэшце падбіраемся да выхаду.

— Калі ты не вельмі стамілася, можа, сходзім яшчэ за булкамі.

Вагаюся:

— Ты ведаеш… Прабач, проста не дужа добра сябе адчуваю.

— А, тады ўсё. Пайшлі на касу.

Сорамна і крыўдна за недарэчную слабасць. Хацелася выканаць шопінг да канца.

На касе ў гэтую пару чарга змейкай. Марудна цягнецца час. Выкладваем на стужку. Падчас аплаты тавару пакет падскоквае і б’ецца па ленце. Камок у горле рвецца на паверхню. Сціскаю горла рукой. Якое ідыёцтва!

Калі выходзім, ужо цёмна. Холадна, б’юць дрыжыкі. Наташа выклікае таксі.

Хутчэй дадому, легчы, схавацца пад коўдру.

Чакаем яшчэ хвілінаў дваццаць. Холадна.

У машыне трохі адпускае. Гучыць не самы дрэнны расейскі шансон.

Таксіст дапамагае данесці сумкі да ліфта. Згружаем усё на кухні. Пытаюся ў дзвярах:

— Ты разбярэш сама? Мне трэба трохі паляжаць. Ведаеш, проста… Гэта тупа, але са мной бываюць такія рэчы. З дзяцінствам нешта звязанае, мабыць. Мне бывае дрэнна ад выгляду жывой рыбы.

Наташа адразу сур’ёзнее, як заўсёды, калі сутыкаецца з чужым болем.

— Дык чаму ж ты не сказала? Я б не купляла…

— Не, нічога. Гэта проста мая неадэкватная рэакцыя… — заўсёды не ведаю, як растлумачыць далей.

— Канечне, ідзі паляжы. Я разбяруся.

 

***

Выпадак, што ўсплываў у памяці пры выглядзе жывой рыбы ў прамысловых басейнах, быў зусім абсурдным. І ад гэтага яшчэ больш брыдкім. Расказваць яго не хацелася. 

Канец 90-х. Невялікі гарадок на поўдні Беларусі здаваўся змрочным, як быццам там заўсёды быў перадвячэрні час — гадзінаў чатыры-пяць вечара ў асеннюю пару. Хоць, вядома, было і лета, і шмат сонца. Але запомніўся гэты самы няпэўны час сутак, калі здаецца, што ўсё святло свету выпілі, а дабратворная цемра яшчэ не прыхавала голае няўтульнае наваколле.

У Паўднёвай Беларусі асаблівы клімат: вільготны, з дажджамі, вятрамі і буйнай расліннасцю. Каля нашага дома быў сквер, каля старога касцёла — вялікі сад. Акацыі, гнуткія, як змеі, страшэнна разгойдваліся ў вецер. Забудова нашага квартала вялася на месцы былых габрэйскіх могілак. Перакопваючы агарод, тата пару разоў знаходзіў чалавечыя косткі. Не казаў пра гэта маме.

Пераехаўшы сюды, мы сутыкнуліся з дзіўнай планіроўкай дома. Яго можна было абысці па коле з пакоя ў пакой. На гарышча вяла лесвіца з кухні праз квадратны люк. Пад домам быў вялікі падвал — цэлы цокальны паверх. Мы бегалі туды па вузкіх цагляных прыступках і гулялі ў хованкі. Мабыць, бывала і весела. Аднак пасля праз шмат гадоў сніліся нейкія сутарэнні, прыкрытыя дошкамі, куды трэба трапіць праз цесную д’ябальскую шчыліну. Пачуццё здушанасці прымушала прачынацца і зрываць коўдру. 

У той вечар мы з мамай і братам вярнуліся з горада. Мама па дарозе купіла жывых карпаў — іх заўсёды прадавалі з машыны. Цяпер яны ляжалі ў тазіку на кухні. Брат быў у дрэнным настроі. Гэта добрага не абяцала. Тата быў дзесьці далёка. На працы за мяжой, відаць.

Брата я баялася. З маленства ў яго была загадкавая нервовая хвароба — прыступы некантраляванай лютасці, сутаргі, парушэнні маторыкі. Мясцовыя дактары разводзілі рукамі і прапісвалі валяр’янку.

А ў мамы была пухліна. Дактары таксама недаўменна падымалі бровы, а бабуля бедавала, што «зусім загубяць дачушку». Менавіта тады ў кутку за грубкай завёўся Страх. Ён вылазіў звычайна па начах, а часам пад вечар, а яшчэ накідваўся праз скажоны ад злосці братаў твар. Аднойчы, калі на маміным ложку з’явілася пляма крыві, Страх выскачыў і пачаў малаціць ледзяной дубінай па галаве.

Мама адужала, але Страх чамусьці не спяшаўся знікаць. Аднойчы брат растоптваў на падлозе камяк снегу, а я ўчапілася за мамін халат: маўляў, як нам наладзіць нейкі парадак у доме? Але мама прыклала палец да вуснаў:

— Т-с-с! Не чапай. Няхай робіць, што яму хочацца. Я прыбяру. Ён жа хворы. Нельга яго прымушаць.

Аказалася, што нельга нічога рабіць таксама і тады, калі ён здзекваецца з нас, круціць маме рукі, кідае камяні ў сабаку. Біць мяне яму не давалі (калі раптам здаралася няшчасце яго раззлаваць) — мама прымала ўдар на сябе, падоўгу супакойвала, улагоджвала. Аднак усе іншыя яго жаданні былі законам. Мы абслугоўвалі яго, імкнуліся нічым не раздражняць. Але ўсё роўна я была ўпэўненая, што аднойчы ён раззлуецца і кагосьці з нас заб’е.

Але тады ўвечары ён пашкадаваў рыбу. Я шкадавала таксама, хто з дзяцей не шкадуе? Але ад яго шкадавання зрабілася брыдка. Бывала, ён пачынаў шкадаваць мяне пасля таго, як пакрыўдзіў, і гэта было страшэннае прыніжэнне. Тым больш што яго шкадаванне належала прымаць з ліслівай усмешкай. Тады ён круціўся каля мамы і ныў, разрываючыся паміж двума пачуццямі: жалем да рыбак у тазіку і сорамам за свой жаль.

— Ну што, у акварыум іх пасадзіць? — жартам спыталася мама.

— Не-е-е… Не хачу… Не ведаю…

Мне было моташна, рабіць урокі зусім не атрымлівалася. Употайкі я пабегла на кухню і падліла карпам вадзічкі. І там раптам паліліся слёзы — брыдкія, недарэчныя, пякучыя ад сораму. Рыбкі глядзелі круглымі вачыма, цяжка дыхалі і маўчалі. Яны былі цалкам у руках капрызнага тырана, які вызначыць, жыць ім ці не. Я стрымгалоў кінулася ў каморку, зачынілася і затрэслася ад плачу.

Бліжэй да ночы ўсё ж была аддадзеная каманда адправіць карпаў на патэльню. Ад паху смажанай рыбы мяне страшэнна ванітавала, кружылася галава. Брата я не магла бачыць.

***

Я выйшла на кухню. Наташа корпалася з ужо амаль разабранымі закупамі. Дапамагла ёй распіхаць прадукты па паліцах халадзільніка і згарнула пакеты.

Наташа пагладзіла мяне па плячы. У невідушчых людзей асаблівая сіла дотыку.

— Я не буду больш купляць рыбу, калі табе дрэнна.

— Не, нічога. Проста я не павінна так рэагаваць.

— Ну, усё роўна. Будзеш гарбату?

— Ага.

Наташа ўключае электрачайнік. Мы сядаем за металічны стол. Кухня агромністая і трохі нагадвае цэх, аднак у астатнім даволі ўтульная. «Толькі памер якраз для інвалідаў», — жартуе Наташа. Яна дастае кубкі і пальцамі насыпае заварку. Я заліваю кіпнем. Заліваць яна ўмее і сама — спачатку мацае кубак, потым трапляе туды струменем.

— У мяне рулет ёсць.

— Даставай.

***

— У твайго брата інваліднасць?

— Так.

Ён быў нашым тыранам, а мы — закладнікамі. «Сапраўды?» — пытаецца Наташа. Вось і я пра тое ж. Ці не быў ён закладнікам сваёй хваробы таксама? Ён быў безабаронны перад ёй, не ўмеў з ёй змагацца. Яму патрэбна была дысцыпліна, матывацыя да працы над сабой, самастойнасць, нарэшце. Улада над іншымі і ўседазволенасць разбураюць асобу. Тым больш дзіцячую. Каб справіцца з наступствамі, патрэбны доўгія гады.

***

У Наташы скончылася гарбата. Яна цягнецца па чайнік.

— Трэба падліць.

Я ўскокваю, каб перахапіць у яе чайнік, і тут жа б’ю сябе па руках. «Стоп! Сядзець! Хопіць лічыць яе бездапаможнай. Яна — самастойная незалежная асоба. Паважай гэта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?