Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, 16 жніўня на вуліцы Студэнцкай у Пінску паблізу харчовай крамы, дзе арганізаваны раздробны гандаль прадукцыяй, вырашчанай на прысядзібных участках, падчас разліку за памідоры 59-гадовай жанчыне была перададзеная 5-рублёвая (дэнамінаваная) падробленая купюра. Жанчына адразу ж стала крычаць, што пакупнік даў ёй фальшывыя грошы. Пакупнік, 15-гадовы падлетак, пачаў уцякаць разам са сваім 20-гадовым зводным братам. Але паблізу былі міліцыянты і затрымалі маладых людзей. У старэйшага брата знайшлі яшчэ тры пяцірублёўкі ўзору 2009 года, якія выклікалі сумненне ў сапраўднасці. 

Са слоў 15-гадовага хлопца, брат папрасіў купіць гародніны, каб размяняць падробленыя грошы. Таксама высветлена, што 20-гадовы падазраваны раней прасіў падлеткаў купіць сабе чыпсы, а асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, ён каля крам даваў грошы на віно. Рэшту пасля забіраў.

Дзеянні ураджэнца Пінска 1996 года нараджэння кваліфікаваныя следствам па ч. 1 арт. 221 (выраб і збыт падробленых грошай) Крымінальнага кодэкса. Раней падследны неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за злачынствы карыслівай скіраванасці. У часе ператрусу здымнай кватэры маладога чалавека выяўлена шматфункцыянальная прылада і 5 купюр наміналам у 200 тыс. недэнамінаваных рублёў, якія таксама выклікалі сумненне ў сапраўднасці. Як патлумачыў падследны, ён ажыццяўляў збыт толькі 5-рублёвых і 20-рублёвых дэнамінаваных купюр. Падазраваны ўзяты пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?