Музычны прадзюсар, стваральнік поп-груп Backstreet Boys і NSYNC Лу Перлман памёр у турме, паведамляе Associated Press.
Перлману было 62 гады. Аб прычынах смерці не паведамляецца.
У 2008 годзе прадзюсара асудзілі да 25 гадоў турмы па абвінавачванні ў махлярстве, адмыванні грошай і дачы ілжывых паказанняў падчас разгляду справы аб яго банкруцтве.
Прадзюсар прызнаў, што больш за 20 гадоў падманваў інвестараў і буйныя банкі, пераканаўшы іх укласці грошы ў дзве яго кампаніі, якія «існавалі толькі на паперы». Пракуратура прызнала ахвярамі яго махінацый 250 чалавек, якія страцілі ў сукупнасці 200 мільёнаў даляраў, і 10 фінансавых інстытутаў, якія згубілі 100 мільёнаў даляраў.