Старэйшы брат хлопчыка Амрана, які таксама пацярпеў пры абстрэле іх дома ў Алепа, памёр ад раненняў у Сірыі, паведамляюць арабскія і еўрапейскія СМІ.

Лёс пяцігадовага Амрана стаў сімвалам трагедыі Сірыі. Гісторыя атрымала шырокі рэзананс пасля таго як СМІ апублікавалі відэа «Медыцынскага цэнтра Алепа» аб выратаванні дзіцяці з будынка, разбуранага ўдарам расійскай авіяцыі.

Кадры маленькага Амрана, скрываўленага і ў стане шоку, разляцеліся па сацыяльных сетках.

ВКС Расіі абвергла заявы пра тое, што гэты дом у кантраляванай паўстанцамі частцы Алепа быў разбураны ў выніку расійскага авіяўдару.

Расія ўмяшалася ў грамадзянскую вайну ў Сірыі на баку дыктатара з алавіцкай дынастыі Асадаў.

Супраць Асада ваююць як радыкальныя ісламісты, падзеленыя на дзясятак ідэалагічных і рэгіянальных груповак, так і ўмераная Свабодная армія Сірыі (САС).

Ісламістаў фінансуюць Катар, Саудаўская Аравія і Турцыя.

САС абапіраецца на дапамогу ЗША і Вялікабрытаніі.

Супраць Асада выступаюць таксама этнічныя атрады курдаў, друзаў, туркменаў, што адстойваюць свае этнічныя інтарэсы.

На баку Асада ваююць этнічная армія ліванскіх шыітаў «Хезбалах» і экспедыцыйны корпус Ірана.

Асада падтрымліваюць таксама сірыйскія хрысціяне — іх у краіне было каля 10%, але менавіта яны складаюць значную частку ўцекачоў у краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Яны баяцца ўстанаўлення ў краіне ісламісцкага рэжыму ў выпадку падзення Асада.

Найбольшай пагрозай лічыцца так званая «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта», барацьбой з якой апраўдваюць сваё ўмяшанне і Расія, і ЗША. У апошнія тыдні Ісламскай дзяржаве нанеслі некалькі значных паражэнняў САС і курдскія апалчэнцы.

Вайна ў Сірыі прывяла да соцень тысяч ахвяраў. Бамбёжкамі і артабстрэламі разбураны сотні населеных пунктаў.

У апошнія дні жорсткія баі вядуцца паміж курдамі і сіламі Асада ў Хасацы, а таксама паміж ісламістамі і сіламі Асада — у Алепа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?