Авіякампанія «Белавія» пракаментавала сітуацыю на борце свайго самалёта, які выконваў 20 жніўня рэйс з балгарскага Бургаса ў Мінск.

У сацыяльнай сетцы Facebook увечары 20 жніўня з'явілася паведамленне ад аднаго з пасажыраў рэйса. Ён, у прыватнасці, адзначаў, што людзі на борце падчас палёту гублялі прытомнасць, некаторых ванітавала, а сцюардэсы бегалі з балонамі з кіслародам «практычна ў паніцы». Рэагуючы на дадзены пост, карыстальнікі Facebook звярнулі ўвагу на тое, што самалёт «Белавія», сапраўды, ляцеў на вышыні ніжэй звычайнай, што, як яны лічаць, магло тлумачыцца стратай ціску ў салоне.

Разам з тым «Белавія» падкрэслівае, што ніякіх пазаштатных сітуацый на борце не было. У каментары ад 21 жніўня, гаворыцца, што на 20 хвіліне палёту да кабiннага экіпажу звярнуўся пасажыр са скаргай на дрэннае самаадчуванне ў сувязі з задухай ў салоне. Пасля звароту бортправаднікі адзначылі, што стан пасажыра пагаршаецца. У адпаведнасці з «Інструкцыяй кабіннага экіпажа» бортправаднікі зрабілі аб'яву, ці ёсць сярод пасажыраў медыцынскія работнікі, а таксама далажылі камандзіру паветранага судна аб сітуацыі. Двое лекараў, якія апынуліся на борце, разам з экіпажам аказалі дапамогу пасажыру. Камандзір паветранага судна змяніў тэмпературу паветра ў салоне, а таксама прыняў рашэнне аб зніжэнні эшалона палёту з 7.200 метраў да 4.200 метраў для стварэння больш камфортных умоў для хворага пасажыра. Адначасова з гэтым, экіпаж пераканаўся, што праца сістэмы кандыцыянавання адпавядае патрэбным параметрам і працягнуў палёт.

Пасля пасадкі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» экіпаж выклікаў брыгаду хуткай дапамогі да трапа самалёта. Лекары ацанілі стан пасажыра: дадатковай медыцынскай дапамогі не патрабавалася. Ніхто з пасажыраў па медыцынскую дапамогу не звяртаўся, удакладняе «Белавія».

«Інжынерна-тэхнічным персаналам авіякампаніі было праведзена дадатковае тэставанне працаздольнасці сістэмы кандыцыянавання і, у сувязі з адсутнасцю заўваг, паветранае судна працягнула выкананне палётаў. 20 і 21 жніўня 2016 года на дадзеным самалёце былі выкананы палёты ў Варну і Бургас без заўваг», - падкрэсліваецца ў каментары авіякампаніі.

Пры выкананні рэйса B2-8362 з Бургаса ў Мінск на борце было 149 дарослых пасажыраў, 6 дзяцей да двух гадоў, а таксама 7 членаў экіпажа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?