У нашай краіне 11 верасня гэтага года адбудуцца чарговыя выбары ў парламент. Яны праходзяць на фоне складанай эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая праяўляецца ў зніжэнні заробкаў і пенсій, пастаянным росце коштаў на тавары першай неабходнасці, скарачэнні колькасці працоўных месцаў. Я вырашыла прыняць удзел у гэтых парламенцкіх выбарах, бо як чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй адчуваю адказнасць за тыя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, і хачу зрабіць усё, каб жыццё ў нашай краіне павярнулася да лепшага. Прапаную вам абмеркаваць і падтрымаць наступную праграму.

І. У Стаўбцоўскай выбарчай акрузе я прапаную:

- Узяць пад пільны грамадскі кантроль выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця па будаўніцтву жылля, школ, паліклінік, гандлёвых цэнтраў. У прыватнасці, знайсці інвестараў для адкрыцця ў адным з будынкаў на тэрыторыі п. Новаколасава сучаснага гандлёвага цэнтра;

- вырашыць пытанне пра будаўніцтва раддома ў г. Нясвіжы;

- паскорыць будаўніцтва дзіцячага садка ў г. Стоўбцы для зніжэння перагрузкі ў дзіцячых дашкольных установах;

- разам з навукоўцамі стварыць экалагічную карту наваколля з пазначэннем забруджанасці шкоднымі рэчывамі зямель і водных аб’ектаў;

- спыніць неабгрунтаваную меліярацыю, якая наносіць шкоду прыродзе і вядзе да марнатраўства дзяржаўных сродкаў;

- зрабіць прыпыначны пункт электрычкі для жыхароў наступных населеных пунктаў: в. Савоні, Горкі, Жацерава, Вечатарова;

- паспрыяць газафікацыі в. Вечатарова;

- падтрымаць грамадскую ініцыятыву па захаванні і ўвядзенні ў экскурсійнае выкарыстанне сядзібы айца Аляксандра Надсана ў пасёлку Гарадзея.

ІІ. У межах краіны:

  1. Зрабіць рэформу заробкаў, пры гэтым прывязаць заробкі і пенсіі чыноўнікаў да сярэдніх па краіне. Настаўнік, медык, работнік культуры, сацыяльны работнік, выкладчык ВНУ павінен мець заробак адпаведны заробку міліцыянта, вайскоўца, мытніка і іншых дзяржслужбоўцаў. Толькі тады наша краіна дасягне дабрабыту і міжнароднага аўтарытэту.
  2. Правесці пенсійную рэформу, пры якой выхад на пенсію па ўзросце для ўсіх катэгорый службоўцаў і розных спецыялістаў павінен быць аднолькавы, незалежна ад займанай пасады. Выключэнне можа быць зроблена толькі для тых, хто заняты ў шкоднай вытворчасці. Памер пенсіі залежыць толькі ад выслугі работніка і яго сярэдняга заробку. Усе прывілеі для чыноўнікаў, дэпутатаў і пэўных катэгорый службоўцаў адмяняюцца. Пенсія настаўніка, трактарыста, даяркі, дацэнта і прафесара ВНУ павінна адпавядаць пенсіі беларускага вайскоўца, міліцыянта, дырэктара завода ці мясцовага чыноўніка.
  3. Ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі ствараюцца як мінімум адна беларускамоўная гімназія, а ў Мінску адкрываецца сучасны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання (для падрыхтоўкі паўнавартаснай нацыянальнай эліты).
  4. Беларускі парламент патрабуе істотных зменаў:

- законы, прынятыя парламентам, маюць сілу больш значную, чым дэкрэты Прэзідэнта і пастановы Савета Міністраў. Менавіта яны павінны выконвацца бездакорна;

- заробкі і пенсіі дэпутатаў парламента прывязваюцца і залежаць ад сярэдняга заробку і пенсій па краіне;

- усе законы прымаюцца на дзяржаўнай беларускай мове з перакладам на рускую і іншыя мовы пры неабходнасці;

- на працягу бліжэйшага тэрміну прымаецца закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы;

- выдаткі на культуру павінны складаць не менш за 2 працэнты ад гадавога бюджэту.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру