Кіраўнік беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Рыа Максім Рыжанкоў назваў велагоншчыка Васіля Кірыенку галоўным расчараваннем Алімпіяды.

Пра гэта памочнік прэзідэнта Беларусі па спорце заявіў пасля выступлення беларусак у групавых практыкаваннях па мастацкай гімнастыцы, паведамляе Прессбол.

«Мабыць, галоўнае — велагоншчык Кірыенка, — сказаў Рыжанкоў. — Пры ўсіх яго тытулах выйсці і сказаць, маўляў, мой канкурэнт зняўся за два этапы да канца «Тур дэ Франс», бо рыхтаваўся да Алімпіяды, а я не зняўся… І калі, маўляў, мяне нагналі, то знікла матывацыя…

Мы чакалі ад яго значна большага. Як і ад лёгкаатлетаў.

Ніхто не казаў, што ўсім 36 спартоўцам трэба заваяваць медалі. Але хаця б выкласціся на сто адсоткаў! Аднак яны не паказалі нават тых вынікаў, з якімі адабраліся на Алімпіяду. Не кажучы ўжо пра асабістыя рэкорды або найлепшыя паказчыкі ў сезоне. Верылі і ў стралкоў. Яны маглі выступіць больш упэўнена. Заўсёды былі побач, стралялі ўдала, але на апошніх стадыях ламаліся».

Васіль Кірыенка, нагадаем, сышоў з дыстанцыі ў групавой гонцы, а ў гонцы з раздзельным стартам заняў 17-е месца.

З лёгкаатлетаў заваяваў медаль толькі Іван Ціхан у кіданні молату (срэбра). Стралкі ўзнагародаў наогул не здабылі.

Усяго Беларусь заваявала ў Рыа дзевяць медалёў.

Адзін залаты (Уладзіслаў Ганчароў — батут),

чатыры сярэбраныя (Марыя Мамашук — вольная барацьба, Іван Ціхан — молат, Дар'я Навумава і Вадзім Стральцоў — цяжкая атлетыка),

чатыры бронзавыя (Джавіт Гамзатаў — грэка-рымская барацьба, Ібрагім Саідаў — вольная барацьба, Аляксандра Герасіменя — плаванне, Маргарыта Махнева, Марына Літвінчук, Надзея Ляпешка і Вольга Худзенка ў заездзе байдаркі-чацвёркі).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру