Фігуранта так званай справы антыфашыстаў Філіп Іваноў вызвалілі зь СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе.

«Чарговыя добрыя навіны: на волю пад падпіску аб нявыезьдзе выйшаў Філіп Іваноў. Але за кратамі застаюцца 2 нашых паплечніка. Спадзяемся, мы хутка ўбачым таксама і іх на волі», — паведаміла сёньня суполка «Наша справа» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

Яшчэ адзін фігурант крымінальнай справы Зьміцер Цэхановіч быў вызвалены з СІЗА на мінулым тыдні. За кратамі цяпер застаюцца Ільля Валавік і Вадзім Бойка — яны знаходзяцца пад вартай ужо 4 месяца.

Раней нефармальны рух беларускіх антыфашыстаў распаўсюдзіў у сацсетках заяву, дзе крымінальная справа супраць Валавіка, Бойкі, Цэхановіча і Іванова называецца «палітычна матываванай і празьмерна разьдзьмутай».

Падставай для крымінальнага перасьледу антыфашыстаў стала бойка ў тралейбусе 29 чэрвеня 2014 году на прыпынку «Унівэрсам» на вуліцы Несьцерава ў Менску. Тады, сярод іншага, пабілі шкло. У бойцы ўдзельнічалі прадстаўнікі дзьвюх фанацкіх груповак, якія ўмоўна лічацца ўльтраправымі і антыфашыстамі. Улетку 2014 году было затрымана 5 чалавек, якія падазраваліся ў прычыненьні матэрыяльнай шкоды «Мінсктрансу», аднак хутка ўсіх пяцёх адпусьцілі на волю. І амаль праз два гады ў справе зьявіўся пацярпелы (які сам быў затрыманы за наркотыкі), на падставе заявы якога Бойку і Валавіку прад’явілі абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 339 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Пазьней арыштавалі Цэхановіча і Іванова.

16 жніўня на форуме «Свабоду палітзьняволеным» у Менску шэраг грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычных партыяў прызналі Валавіка, Бойку, Іванова і Цэхановіча палітвязьнямі.

Між тым праваабарончая супольнасьць Беларусі пакуль ня бачыць ніякіх падстаў, каб называць «справу антыфашыстаў» палітычнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?