Намеснік цяпер ужо былога старшыні выбарчага штаба Дональда Трампа і кансультанта экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча Пола Манафорта Канстанцін Кілімнік мог быць звязаны з расейскай выведкай.

Аб гэтым піша The Financial Times.

Людзі, якія працавалі з Кілімнікам, грамадзянінам Расіі, сцвярджаюць, што ў камандзе Манафорта не было таямніцай тое, што ён, вайсковы лінгвіст, быў звязаны з расійскай вайсковай выведкай.

Уласна, у каманду Манафорта Кілімніка ў якасці перакладчыка падчас працы з самым багатым алігархам Украіны Рынатам Ахметавым узялі менавіта за «выдатную англійскую». Паступова Кілімніку даверылі больш абавязкаў.

Як адзначае выданне, у якасці ключавога памочніка Манафорта, Кілімнік атрымаў рэдкі доступ да найвышэйшых асобаў рэгіёну — «ад Януковіча да мільярдэраў-алігархаў і высокапастаўленых заходніх дыпламатаў».

Financial Times піша, што Канстанцін Кілімнік нарадзіўся ва Украіне ў 1970 годзе, вайсковую службу праходзіў у Расіі. Яго першым доўгатэрміновым працоўным месцам пасля звальнення з войска быў Міжнародны рэспубліканскі інстытут (IRI) у Маскве, няўрадавая арганізацыя з ЗША ў пачатку 1990-х. У IRI сцвярджаюць, што ўзялі Кілімніка на працу за выдатную англійскую. У інстытуце ведалі, што мову ён вывучыў у ваеннай выведцы, аднак не надавалі гэтаму вялікага значэння, хоць і падазравалі, што ён мог займацца дзейнасцю, не звязанай са службовымі абавязкамі.

Выданне адзначае, што праз дзесяць гадоў, калі Кілімнік стаў працаваць на Януковіча ў камандзе Пола Манафорта, там таксама некаторыя падазравалі, што ён дакладвае ў Маскву, аднак не надавалі гэтаму значэння.

Манафорт і Кілімнік да гэтага часу знаходзяцца ў цеснай сувязі, і хоць у Манафорта настойваюць, што яго адстаўка з пасады старшыні штаба Дональда Трампа не звязаная з яго ўкраінскай дзейнасцю, інфармаваныя крыніцы сцвярджаюць, што гэта адыграла сваю ролю.

«Гэта вельмі сур'ёзная праблема, калі ўлічыць, што афіцэр расійскай выведкі мог знаходзіцца ў адной прыступцы знаёмства ад кандыдата ў прэзідэнты Дональда Трампа», - сказала крыніца.

Украінскія палітыкі таксама выказваюць занепакоенасць з нагоды блізкасці Кілімніка да Манафорта і праз яго - да патэнцыйнага наступнага прэзідэнта ЗША. У прыватнасці, у пятніцу народны дэпутат Уладзімір Ар'еў падаў запыт аб расследаванні мінулага Кілімніка.

«Улічваючы яго біяграфію гэты чалавек можа быць звязаны з расійскімі спецслужбамі», - гаворыцца ў яго лісце генпракурору Юрыю Луцэнку.

Як паведамлялася, старшыня перадвыбарнай кампаніі рэспубліканца Дональда Трампа Пол Манафорт арганізаваў таемную аперацыю па лабіраванні ў Вашынгтоне Партыі рэгіёнаў падчас кіравання Віктара Януковіча.

У апошні час у ЗША разгарэўся скандал з-за дапамогі Манафорта экс-прэзідэнту Украіны.

На фоне скандалу Трамп звузіў некаторыя функцыі Манафорта як кіраўніка перадвыбарчага штаба.

Аднак пасля гэтага скандал набраў вялікія абароты, паколькі прозвішча Манафорта аказалася ў дакументах «чорнай бухгалтэрыі Партыі рэгіёнаў». Аказалася, што за гады супрацоўніцтва ён атрымаў 12,7 мільёна даляраў праз ценявыя схемы ПР.

У выніку Манафорт сышоў у адстаўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0