На адаптацыю і мадэрнізацыю будаванага стадыёна «Зеніт-Арэна» (ён жа «Крастоўскі») да чэмпіянату Еўропы па футболе 2020 года спатрэбяцца мільярды рублёў, паведаміў старшыня гарадскога камітэта Санкт-Пецярбурга (РФ) па будаўніцтве Сяргей Марозаў.

ria.ru

Будаваны стадыён, па словах Марозава, трэба будзе прыводзіць у адпаведнасць з патрабаваннямі УЕФА.

«Мы ўсе разумеем, што патрабаванні УЕФА больш жорсткія, чым нават ФІФА, а паколькі ў нас яшчэ і чэмпіянат Еўропы будзе, то адаптацыя стадыёна пад патрабаванні УЕФА запатрабуе дадатковых выдаткаў, гэта, магчыма, мільярды рублёў», — цытуе ТАСС Марозава.

З такой заявай ён выступіў падчас абмеркавання спосабаў перадачы стадыёна «Крастоўскі» футбольнаму клубу «Зеніт». Паводле яго слоў, улады горада разглядаюць розныя варыянты ажыццяўлення падобнай перадачы — доўгатэрміновая арэнда, давернае кіраванне або канцэсійнае пагадненне.

Менавіта праз неабходнасць дадатковых інвестыцый у мадэрнізацыю стадыёна практычна адразу пасля заканчэння будаўніцтва улады прыцягвае ідэя канцэсійнага пагаднення. Падобныя пагадненні прадугледжваюць, што інвестыцыі будуць зробленыя часткова або цалкам за кошт прыватнай асобы.

У панядзелак шырокі рэзананс выклікала рашэнне ўладаў Пецярбурга вызваліць грошы на ўзвядзенне стадыёна «Зеніт-Арэна» за кошт змяншэння сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва школ, дзіцячых садоў і ўстаноў аховы здароўя. За кошт гэтага ўлады плануюць выручыць на будаўніцтва больш за 2 млрд рублёў.

Стадыён «Крастоўскі», ці «Зеніт-Арэна», будуюць да чэмпіянату свету 2018 года. Пры гэтым ён павінен таксама прыняць некалькі матчаў чэмпіянату Еўропы, які ў 2020 годзе ўпершыню будзе праводзіцца па ўсім кантыненце, а не ў нейкай канкрэтнай краіне. Праект стадыёна тройчы карэктаваўся, а яго кошт вырас з першапачатковых 6,7 млрд расійскіх рублёў да 43,8 млрд рублёў.

У сярэдзіне ліпеня адміністрацыя Санкт-Пецярбурга спыніла кантракт з генеральным падрадчыкам будаўніцтва стадыёна «Зеніт-Арэна» на Крастоўскім востраве — кампаніяй «Инжтрансстрой-СПб». Кампанія раней заявіла, што не можа завяршыць будаўніцтва стадыёна ў тэрмін з-за дзеянняў адміністрацыі горада: улады нібыта не аплацілі ўжо выкананыя працы на 1 млрд рублёў, з-за чаго ў фірмы паўсталі праблемы з ліквіднасцю.

Новым падрадчыкам будаўніцтва ў сераду была афіцыйна аб'яўлена кампанія «Метрострой», якая на чвэрць належыць ГУП «Пецярбургскі метрапалітэн», а яшчэ на 21% — камітэту маёмасных адносін горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?