Моцныя паўторныя штуршкі разбурылі галоўную дарогу ў італьянскі горад Аматрычэ, які сур'ёзна пацярпеў ад землятрусу за некалькі дзён да гэтага.

AFP

Дарога была асноўнай транспартнай артэрыяй, якой карысталіся ратавальнікі і медыкі для аказання дапамогі пацярпелым ад стыхіі. Раніцай у пятніцу быў зарэгістраваны чарговы падземны штуршок магнітудай 4,7. У выніку дарожнае палатно было сур'ёзна пашкоджанае.

У пацярпелых раёнах абвешчанае надзвычайнае становішча.

Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых у выніку стыхійнага бедства дасягнула 268. У бальніцах застаюцца 387 пацярпелых у выніку падземных штуршкоў.

Брыгады ратавальнікаў другія суткі працягваюць абследаванне руін будынкаў у разбураных гарадах. Іх праца ўскладняецца перыядычнымі падземнымі штуршкамі, лік якіх ідзе на сотні.

Спадзяванняў на тое, што пад заваламі можа яшчэ заставацца нехта жывы, становіцца ўсё менш.

У той жа час ратавальнікі адзначаюць, што пасля землятрусу 2009 года ў Італіі аднаго з выжылых знайшлі пад заваламі праз 72 гадзіны.

Прэм'ер-міністр Матэа Рэнцы запэўніў, што на аднаўленчыя работы будзе выдзелена 50 млн еўра. Рэнцы таксама абвясціў аб скасаванні падаткаў для мясцовых жыхароў і апублікаваў ініцыятыву «Італьянскія дамы».

Італьянскія СМІ нядаўна раскрытыкавалі стандарты, паводле якіх узводзіліся дамы ў сейсманебяспечнай зоне. Некаторыя з разбураных будынкаў былі толькі нядаўна капітальна адрамантаваныя.

Разам з тым італьянскі прэм'ер папярэдзіў, што было б абсурдам меркаваць, што Італія можа будаваць абсалютна сейсматрывалыя дамы.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што пашкоджаныя будынкі, якія выстаялі ў выніку землятрусу, працягваюць разбурацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?