Утрымліваць чыста добраахвотную армію можа альбо вельмі багатая краіна, альбо краіна, якая не бачыць непасрэдных сур'ёзных пагроз для свайго існавання, сведчыць практыка апошніх двух стагоддзяў еўрапейскай ваеннай гісторыі.
У сувязі з новымі тэрарыстычнымі і ваеннымі пагрозамі для Нямеччыны, вышэйшыя колы ў нацыянальным урадзе пачалі думаць пра вяртанне да рэгулярнага прызыву ва Узброеныя сілы, перадае Dw.de са спасылкай на агенцтва DPA.
Прапанова вярнуцца да прызыву, якая ўтрымліваецца ў дакуменце з Міністэрства ўнутраных спраў, спалучаная з уведзеннем новай канцэпцыі грамадзянскай абароны краіны.
Нямеччына адмовілася ад прызыву пяць год таму, аднак пагроза тэрарызму і рэзкі рост напружанасці ў Еўропе ў сувязі з расійскай агрэсіяй супраць Украіны прымушаюць палітыкаў і вайскоўцаў пераглядзець папярэдняе рашэнне.
Недафінансаванне арміі, у тым ліку даволі нізкі ўзровень заробкаў, не дазваляў прыцягваць у кантрактны Бундэсвер дастатковую колькасць добраахвотнікаў патрэбнай якасці, бо цывільны сектар быў здольны «перакупаць» найбольш перспектыўную моладзь.
Міністэрства абароны ў гэтым годзе нават агучыла ідэю дазволіць службу ў нямецкай арміі грамадзянам іншых краін Еўрасаюза.
Вяртанне да прызыву, прычым у максімальна татальнай форме — каб ніводная група моладзі не адчувала сябе дыскрымінаванай — можа дапамагчы вырашыць частку праблем Бундэсвера.
Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»