На гэтым тыдні чакаецца халоднае дажджлівае надвор'е, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў
Паводле яго слоў, сярэдняя тэмпература будзе на 2-4 градусы ніжэйшай за кліматычную норму.
Такое надвор'е больш характэрнае для сярэдзіны кастрычніка.
«Увесь тыдзень надвор'е будуць фармаваць атмасферныя франты ад цыклону над цэнтральнымі рэгіёнамі Расіі. Па яго перыферыі ў Беларусь будуць паступаць халодныя і вільготныя паветраныя масы паўночных шыротаў», — адзначыў сіноптык.
У аўторак ноччу ў паўночных раёнах, днём месцамі па краіне невялікія кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы плюс 2—8°С, па поўдні на глебе месцамі слабыя замаразкі 0 — мінус 2°С, днём плюс 9—15°С.
У сераду ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы плюс 2—8°С, днём плюс 9—15°С.
У чацвер і пятніцу часам дажджы. Тэмпература паветра ўначы плюс 3—8°С, днём плюс 8—14°С.
У выходныя дні будзе пахмурна, холадна, дажджліва і ветрана. Тэмпература паветра ўначы плюс 2—9°С, днём плюс 8—14°С, па паўднёвым захадзе плюс 15—17°С





