Адвакат нямецкага гоншчыка Міхаэля Шумахера Фелікс Дам заявіў, што сяміразовы чэмпіён «Формулы-1», які атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму ў канцы 2013 года, усё яшчэ не можа хадзіць самастойна і нават стаяць з чужой дапамогай.

Гэтую заяву юрыст зрабіў у ходзе судовых слуханняў у сувязі з пазовам супраць нямецкага часопіса Bunte.

У 2015 годзе гэты часопіс апублікаваў артыкул, у якім гаварылася, што аўтагоншчык ужо можа хадзіць, абапіраючыся на каго-небудзь, а таксама падымаць руку. Па словах Дама, Шумахер не можа нават стаяць пры падтрымцы іншых людзей.

47-гадовы Міхаэль Шумахер атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, катаючыся на горных лыжах у Французскіх Альпах у снежні 2013 года. Пасля траўмы ён паўгода правёў у медыкаментознай коме, а ў чэрвені 2014 года быў выведзены з яе і перавезены ў рэабілітацыйны цэнтр.

З верасня 2014 года ён працягвае лячэнне дома ў Швейцарыі. Пра яго стане вядома мала, сям'я аўтагоншчыка ўхіляецца ад пытанняў прэсы.

Пасля публікацыі ў часопісе Bunte менеджэр гоншчыка Сабінэ Кім таксама абвергла інфармацыю з гэтага артыкула, назваўшы падобныя паведамленні безадказнымі спекуляцыямі.

У лютым былы кіраўнік Ferrari Лука дзі Монтэдзэмола казаў, што ў яго ёсць навіны пра стан здароўя Шумахера і што яны маласуцяшальныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?