Згодна з першай ацэнкай у студзені—жніўні 2016 года аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў 60,8 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах на 3% менш за ўзровень аналагічнага леташняга перыяду, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Зніжэнне ВУП назіраецца з мінулага года. З пачатку 2016 года тэмпы падзення замарудзіліся, аднак з ліпеня зноў паскорыліся. Падзенне склала: за студзень — 4,4%, студзень—люты — 4,1%, студзень—сакавік — 3,7%, студзень—красавік — 3%, студзень—май — 2,8%, студзень—чэрвень — 2,5%, студзень—ліпень — 2,7%.

Індэкс-дэфлятар ВУП у студзені—жніўні гэтага года ў дачыненні да аналагічнага перыяду папярэдняга года склаў 109,4%.

Паводле апошніх ацэнак Мінэканомікі, ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 2%. «На жаль, цяперашняя сітуацыя паказвае нам пагаршэнне знешніх умоў, якія былі ў першай палове года. Таму цяпер намі разглядаецца варыянт зніжэння ВУП Беларусі на 2% па выніках года», — паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Мінэканомікі Юрый Зюзянкоў, выступаючы 13 верасня ў Палаце прадстаўнікоў.

Ён таксама адзначыў, што афіцыйны прагноз на 2017 год падрыхтаваны з улікам двух сцэнарыяў. Пры сярэднегадавой цане нафты 35 долараў за бараль чакаецца рост ВУП на 0,2%. У той жа час калі знешняя кан'юнктура будзе больш спрыяльнай і сярэднегадавая цана нафты ў наступным годзе складзе 45 долараў за бараль, то рост ВУП адпаведна — 1,5%, паведаміў Зюзянкоў.

Прадстаўнік Мінэканомікі дадаў, што ў гэтым выпадку тэмп росту эканомікі ў 2017 годзе будзе адпавядаць параметрам, закладзеным у праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія выступаюць крэдыторамі Беларусі, прагназуюць, што рэцэсія ў краіне ў гэтым годзе захаваецца. МВФ чакае, што ВУП Беларусі ў 2016-м скароціцца на 3%, Еўразійскі банк развіцця прагназуе, што эканамічны спад у краіне складзе 1,9%.

Нагадаем, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, асноўныя палажэнні якой ухвалены на Усебеларускім народным сходзе, прадугледжвае, што ВУП Беларусі ў гэтай пяцігодцы вырасце на 12—15%.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру