Адразу некалькі папулярных мадэляў прынтараў амерыканскай кампаніі Hewlett-Packard (HP) перасталі прымаць танныя картрыджы ад іншых вытворцаў.

Па словах карыстальнікаў, першыя выпадкі адмовы прынтараў распазнаваць бюджэтныя картрыджы былі зафіксаваныя яшчэ 13 верасня. Высветлілася, што гэта не часовы збой, бо з таго часу колькасць скаргаў узрасла ў некалькі разоў.

У прыватнасці, нідэрландская кампанія 123ink, якая займаецца продажам картрыджаў, адзначае, што толькі за адзін дзень атрымала тысячу скаргаў. Сітуацыя раздражняе карыстальнікаў, бо афіцыйныя картрыджы HP каштуюць даражэй.

У кампаніі пацвердзілі, што падчас абнаўлення прашыўкі прынтараў перапраграмавалі іх такім чынам, каб тыя прымалі толькі картрыджы з фірмовым чыпам HP.

Паведамляецца, што такім чынам былі перапраграмаваныя прынтары HP OfficeJet, OfficeJet Pro і OfficeJet Pro X.

Паводле дадзеных 123ink, праблема не ўнікальная, бо многія вытворцы друкарак спрабуюць прадухіліць выкарыстанне «чужых» картрыджаў. Звычайна неўзабаве хтосьці распрацоўвае для танных картрыджаў сумяшчальны чып.

Hewlett-Packard лічыцца адной з найбуйнейшых у ЗША IT-кампаній. Акрамя прынтараў, яна вырабляе сканеры, ноўтбукі і манаблокі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру