Суд правінцыі Пірканмаа на паўднёвым захадзе Фінляндыі прызнаў пяць кубінскіх валейбалістаў вінаватымі ў згвалтаванні грамадзянкі Фінляндыі падчас турніру Сусветнай лігі ў Тамперэ.
Чатырох спартсменаў прысудзілі да пяці гадоў зняволення, пяты атрымаў 3,5 гады турмы. Яшчэ адзін кубінец быў апраўданы. Ніхто з падсудных не прызнаваў віну.
У пачатку ліпеня паліцыя Фінляндыі арыштавала васьмярых гульцоў нацыянальнай зборнай Кубы па валейболе, у тым ліку капітана каманды, пасля таго як жанчына паскардзілася на згвалтаванне ў гатэлі.
Двое з арыштаваных пазней былі адпушчаныя. Па словах прадстаўніка паліцыі, іншыя валейбалісты каманды нічога не ведалі пра тое, што здарылася.





