Скрыншот з відэа.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў Расію вызначыцца з будучыняй сумесных інтэграцыйных праектаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнае пытанне, якое ён хацеў абмеркаваць з Рыгорам Рапотам, — гэта, вядома ж, інтэграцыйныя праекты і праблемы ў саюзным будаўніцтве Беларусі і Расіі.

«Не хаваў і не буду ў гэтай размове хаваць: занадта шмат праблем намецілася ў нас у краіне, занадта шмат крытыкі ў адрас не толькі інтэграцыі на ўзроўні дзвюх дзяржаў, але і на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза, СНД.

Хоць СНД тую функцыю, якую можа выконваць, выконвае і рухаецца тымі тэмпамі, якія мы задаем. Галоўнае — гэта, вядома ж, Еўразійскі эканамічны саюз і саюз Беларусі і Расіі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым годзе гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Расіі былі не на лепшым узроўні. У гэтым годзе пакуль не ўдалося нагнаць упушчанае.

«Гэта нікуды не варта. Мы заўсёды ганарымся тым, што вось тавараабарот знізіўся, але ў натуральным выражэнні мы дадалі. Гэта сведчыць аб тым, што мы пачалі пастаўляць у Расію вялікія аб'ёмы, але па цэнах напалову ніжэй. Якая даходнасць Беларусі ад гэтага? Практычна ніякай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы целяпаемся (інакш не скажаш) і ўжо некалькі месяцаў не можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расія знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але ціску я не пацярплю і беларусы таксама», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пры пастаўках у Расію блакуюцца некаторыя беларускія тавары, асабліва прадукты харчавання, якія закупляе Еўрасаюз.

«У Расіі яны чамусьці «няякасныя». Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных цэнах у Расію, мы б'ём па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расіі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Яны ціснуць на ўрад (там сувязі, вы ведаеце не горш за мяне, якія), а ўрад дае каманду «фас» рознага роду чыноўнікам — ад Рассельгаснагляда і гэтак далей. Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак — пяць закрываюць, пяць адкрываюць — шэсць потым закрываюць. Ідзе непрыхаваны ціск.

«Я чаму адкрыта пра гэта кажу? Бо ўжо надакучыла, гэта ўжо цераз край, далей так працягвацца не можа. Яшчэ кажу гэта таму, каб вы разумелі, на якім фоне мы сёння гаворым пра далейшае развіццё нашага саюзнага праекта.

Тое, што я сказаў, ні ў якім разе не азначае, што мы будзем у нейкім плане згортваць інтэграцыйныя праекты, але свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць, — заўважыў ён. — Я даў такое распараджэнне ураду і Адміністрацыі прэзідэнта. Мы цяпер вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё, у Еўразійскім эканамічным саюзе.

Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Там, па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым ўрадзе ў ЕАЭС. І які вынік? Навошта плаціць грошы на ўтрыманне ў Маскве высакакласных спецыялістаў?

Мы лепшых туды аддалі. Мы ім знойдзем працу тут, а тое, што там будуць прымацца рашэнні, мы з імі пагодзімся, бо іх практычна няма. Мы парушаем ўсё, пра што дамовіліся.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ставіць праблемныя пытанні не для таго, каб канчаткова ўзняць абурэнні.

«Не, ні ў якім разе. Але я яшчэ раз кажу: хаваць гэта нельга. Мы павінны дакладна вызначыцца: ці мы ідзем на паглыбленую інтэграцыю дзяржаў, ці не. І самае галоўнае: мы будзем выконваць заключаныя дагаворы і абавязацельствы або не будзем? Вось гэта галоўнае пытанне для нас», — канстатаваў беларускі лідар.

«Вы добра ведаеце Беларусь, нашу сітуацыю і становішча. Вы выдатна разумееце, што мы не збіраемся бегчы наперадзе паравоза і кагосьці залішне тузаць — нам гэта не трэба. Мы заўсёды імкнуліся прыстасавацца да сваіх суседзяў, каб ім не перашкаджаць, але ў нас жа ёсць уласны інтарэс. Таму хацелася б пачуць ваш пункт гледжання, як вы ў Пастаянным камітэце гэта ацэньваеце і як будзем дзейнічаць далей. І проста вас папрасіць як чалавека, адданага нашаму адзінству, больш актыўна падключыцца на ўзроўні ўрада і прэзідэнта Расіі да адстойвання агульных інтарэсаў, каб мы хоць неяк рухаліся наперад», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру