У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі крымінальнага вышуку сумесна з калегамі з інспекцыі па справах непаўналетніх Заводскага РУУС Мінска высветленыя асобы непаўналетніх, якія збілі пажылога мужчыну ў тралейбусе.
Інцыдэнт адбыўся 24 жніўня. Позна ўвечары пацярпелы разам з жонкай вяртаўся дадому. На адным з прыпынкаў у тралейбус маршруту № 3, які ехаў па Партызанскім праспекце ў кірунку чыгуначнага вакзала, зайшла кампанія (хлопцы і дзяўчына). Вялі яны сябе абуральна, гучна слухалі музыку. Мужчына зрабіў ім заўвагу, што выклікала моцнае абурэнне моладзі. У выніку пенсіянер атрымаў цялесныя пашкоджанні спачатку ў тралейбусе, потым на прыпынку «Аўтазаводская».
Падазраванымі аказаліся навучэнцы адной са сталічных школ: двое 16-гадовых вучняў 10-га класа і 15-гадовы навучэнец 9-га класа. Як патлумачыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Заводскага РУУС Мінска Васіль Кахновіч, дзевяцікласнік стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх за здзяйсненне дробнага хуліганства — учыніў бойку з аднагодкамі на вуліцы.
«У дачыненні да затрыманых Заводскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая справа па частцы 2 артыкула 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса», — паведаміў начальнік крымінальнай міліцыі Заводскага РУУС Віталь Капілевіч.





