22 верасня ў Літве і Латвіі адзначаюць Дзень адзінства балтаў. Некалькі апошніх гадоў у гэты дзень запальваюць вогнішчы на курганах і гарадзішчах і дзе-нідзе ў Беларусі.

На сёння ў Еўропе застаюцца ўсяго дзве краіны, дзе гавораць на балцкіх мовах. Гэта Літва і Латвія. Між тым тысячу гадоў таму балты займалі нашмат большыя тэрыторыі, уключна з тэрыторыяй цяперашняй Беларусі.

У Беларусі ёсць людзі, якія трымаюцца за балцкія карані. Менавіта яны далучыліся і да традыцыі святкавання Дня адзінства балтаў. Што ж гэта за дзень?

Пайшло гэта з Літвы. Упершыню такое арганізаваў у 1987 годзе Адомас Бутрымас, цяперашні рэктар віленскай Акадэміі мастацтва. Ён у 1980-я гады вёў археалагічныя раскопкі ў Жамойці.

Акурат там знаходзіцца легендарная гара Шатрыя, на якую, паводле беларускіх і літоўскіх паданняў, зляталіся ў Купальскую ноч усе ведзьмы.

Краявід з легендарнай гары Шатрыі.

Краявід з легендарнай гары Шатрыі.

На тэрыторыі парку археолагі знайшлі больш за сорак старажытных паселішчаў часоў мезаліту і неаліту (ім па 4—7 тысячы гадоў).

Там была знойдзеная і магіла жраца на Хлебнай гары (Донкальніс), якая ў часы мезаліту была выспай пасярод возера. Жрэц быў пахаваны побач з крушняй камянёў, якая была пасыпаная чырвонай вохрай, што сімвалізавала нязгасны агонь. Цела і галава жраца (яму, дарэчы, было не больш за 25 гадоў) былі ўпрыгожаныя каралямі з прасвідраваных іклаў лася, дзіка і тура.

Адомасу Бутрымасу прыйшла ў галаву ідэя запаліць агні на навакольных гарах. Ён запрасіў жыхароў навакольных вёсак, і іх вогнішчы былі відаць за 30 кіламетраў. Гэта была новая інтэрпрэтацыя старой купальскай традыцыі.

У памяць пра бітву пры Шаўлях

18 мая 2000 года, у адзін дзень, парламенты Літвы і Латвіі прынялі рашэнне прызнаць дзень 22 верасня Днём адзінства балтаў.

Гістарычная падстава — 22 верасня 1236 года ў Бітве пры Шаўлях супольныя сілы жамойтаў і зямгалаў разбілі войска крыжакоў-мечаносцаў і іх саюзнікаў-пскавічоў.

Ініцыятыва адзначэння гэтай даты сыходзіла ад дэпутата Рымантаса Смятоны — пляменніка першага прэзідэнта даваеннай Літвы Антанаса Смятоны.

З таго часу штогод 22 верасня старшыні парламентаў Літвы і Латвіі бяруць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня адзінства балтаў. Мерапрыемствы адбываюцца ў розных гарадах Літвы і Латвіі.

Перагук агнёў

У 2005 годзе актывісты з Шаўляў злучылі зацверджаную парламентам прапанову Смятоны з колішняй ініцыятывай Бутрымаса. На трох гарадзішчах Жамойцкага ўзвышша (у тым ліку на міфалагічнай Шатрыі) яны запалілі вялікія вогнішчы.

У 2013 годзе вогнішчы палалі ўжо на 100 гарадзішчах і пагорках. А летась, у 2015-м, колькасць месцаў наблізілася нават да 200. Прадугледжана, што вогнішчы гараць у канкрэтны час, паміж 8-й і 9-й вечара.

Ад вогнішча запальваюць паходні.

Ад вогнішча запальваюць паходні.

Агні запальваюць таксама ў Польшчы (паўночны ўсход, дзе жылі прусы), у нас у Беларусі і нават на захадзе цяперашняй Расіі.

Агнявая містэрыя

Пачынаючы з 1999-га ў Вільні на берагах Вяллі на восеньскае раўнадзенства штогод у вечаровых прыцемках спальваюць вялізныя саламяныя інсталяцыі. З 2003-га інсталяцыі з трыснягу, усталяваныя на вадзе, у той жа дзень спальваюць у затоцы і каля Ёдкранце на Куршскай касе.

Спальваюць саламяную скульптуру.

Спальваюць саламяную скульптуру.

Чаму беларусы бяруць удзел у святкаванні Дня адзінства балтаў?

«Гэта сапраўдная агнявая містэрыя. Агонь, у які мы ўзіраемся, дазваляе адчуць сувязь як вертыкальную, паміж пакаленнямі, так і гарызантальную — паміж людзьмі ў адзін момант на такім вялікім абшары, ад Цвяры да Сувалкаў», — кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

Сёлета па Беларусі Дзень адзінства балтаў будуць адзначаць вогнішчамі ў двух дзясятках мясцін. Найболей такіх месцаў — на Віцебшчыне і Міншчыне. Упершыню да гэтай акцыі далучыліся паўднёвыя Пінск і Кобрын.

Цікава, што ў другі раз ужо запаляць сваё вогнішча ва ўкраінскім Жытоміры.

Археолагі, гісторыкі і лінгвісты спрачаюцца што да ступені ўдзелу балтаў у фарміраванні цяперашніх беларусаў. Але для ўдзельнікаў Дня адзінства балтаў важна тое, што балты — нашы найстаражытныя продкі, памяць пра якіх павінна захоўвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?