У сувязі з правядзеннем гарадской экалагічнай акцыі «Дзень без аўтамабіля» ў Мінску 22 верасня будзе часова абмежаваны рух па некаторых вуліцах.

Як паведамляе ўпраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, з 06.00 да 24.00 на ўчастку па вуліцы Леніна ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Кірава, рух будзе закрыты ў абодвух кірунках. У сувязі з гэтым арганізуецца аб'езд па вуліцы Энгельса на ўчастку ад вуліцы Кірава да вуліцы Маркса.

На вуліцы Леніна, якая на некаторы час стане пешаходнай, плануецца правядзенне розных святочных мерапрыемстваў і акцый, прысвечаных Еўрапейскаму тыдню мабільнасці. Там будзе арганізаваная канцэртна-забаўляльная праграма; бясплатныя велаэкскурсіі для ўсіх ахвотных; пазнавальныя і рухомыя гульні для дзяцей; «Жывы газон» з дзіцячымі «экамайстэрнямі»; лекцыі па тэмах урбаністыкі і ўстойлівай гарадской мабільнасці для жыхароў горада ад спецыялістаў з-за мяжы; бясплатны рамонт і наладка ровараў; дэманстрацыя электраровараў; трыял-шоу з роварнымі каскадзёрамі і многае іншае.

Завершыцца святочнае мерапрыемства велапрабегам ад вуліцы Леніна па праспекце Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, у якім могуць узяць удзел усе ахвотныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?