Смяротнасць мужчын Беларусі ва ўзросце 15—60 гадоў у 3—4,5 разу вышэйшая, чым у краінах Еўрапейскага саюза, паведаміла кансультант аддзела спецыялізаванай дапамогі галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Жанна Ерамеева, выступаючы 20 верасня на семінары для журналістаў па дэмаграфічнай праблематыцы, арганізаваным Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі.

Паводле яе слоў, неінфекцыйныя захворванні з`яўляюцца асноўнай прычынай звышсмяротнасць мужчын працаздольнага ўзросту.

Смяротнасць беларускіх мужчын у працаздольным узросце вышэйшая ад хвароб сістэмы кровазвароту амаль у 6 разоў у параўнанні з жанчынамі, у тым ліку па прычыне інфаркту міякарда — больш чым у 20 разоў, ад раку — больш чым у два разы, ад знешніх прычын — у 5,9 разу.

Намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Мінпрацы Марына Арцёменка звярнула ўвагу на высокую смяротнасць насельніцтва ў працаздольным узросце ад прычын, якія можна прадухіліць: «Доўгі час сярод знешніх прычын смерці лідзіравала выпадковае атручванне алкаголем. У 2015 годзе колькасць памерлых ад выпадковага атручвання алкаголем была меншай, чым ад самагубстваў. Каля 5% усіх смерцяў у працаздольным узросце абумоўлена менавіта алкагольным атручваннем».

Як вынік чаканая працягласць жыцця беларускіх мужчын у 2015 годзе склала 68,6 года супраць 78,9 у жанчын. У 2002 годзе яна была 62,3 і 74,1 года адпаведна, у 2006-м — 63,6 і 75,5 года.

«Гендарны разрыў у чаканай працягласці жыцця складае больш за дзесяць гадоў, і гэта праблема», — сказала Арцёменка. У развітых краінах розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын складае пяць гадоў.

Спецыяліст адзначыла, што ў праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады», прынятай у сакавіку 2016 года, акцэнт робіцца на здароўі насельніцтва, ашчаджальных паводзінах, прыхільнасці да здаровага ладу жыцця, мужчын у тым ліку. Напрыклад, плануецца стварыць службу аховы мужчынскага здароўя.

Арцёменка адзначыла, што мужчыны не звяртаюцца своечасова да ўрача ў выпадку ўзнікнення захворвання, бо «спрацоўваюць гендарныя стэрэатыпы пра тое, што мужчыны не плачуць, не скардзяцца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру