Супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Брэсцкага аблвыканкама спынілі канал вывазу ў Расію жыхароў рэгіёну з мэтай іх працоўнай эксплуатацыі.
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Сяргей Дучэнка, у такой супрацьпраўнай дзейнасці падазраецца 33-гадовы раней судзімы жыхар аднаго з раёнаў Брэсцкай вобласці.
Сумесна з неўстаноўленай асобай ён арганізаваў пошук, вярбоўку і выезд у Расію 50 жыхароў Брэсцкай вобласці. У яго канфіскавана запісная кніжка з іх прозвішчамі.
Мужчына распаўсюджваў у інтэрнэце і грамадскіх месцах на тэрыторыі Брэста і Кобрына інфармацыю аб магчымасці добра зарабіць на зборы сельскагаспадарчай прадукцыі ў Варонежскай вобласці.
У размове з патэнцыяльнымі работнікамі ён абяцаў, што іх чакае пражыванне ў спрыяльных умовах, добрае харчаванне за кошт работадаўцы і штомесячная заработная плата ў памеры не менш за 300 умоўных адзінак.
Фактычна ж людзі, якія прыехалі на заробкі, траплялі ў працоўнае рабства.
Вырашаецца пытанне аб распачынанні ў дачыненні да мужчыны справы па арт. 187 КК (незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой).
Устанаўліваюцца асобы, якія маглі пацярпець ад такіх супрацьпраўных дзеянняў.
Канал вывазу ў Расію жыхароў рэгіёну з мэтай працоўнай эксплуатацыі быў спынены пры ўзаемадзеянні з брэсцкай грамадскай арганізацыяй «Клуб дзелавых жанчын», на базе якой працуе гарачая лінія па пытаннях бяспечнага выезду за мяжу, куды звярнуўся адзін з пацярпелых.





