Смартфоны iPhone ўжо шмат гадоў з'яўляюцца драйверамі прыбытку для Apple. І справа не толькі ў іх высокай цане, але і ў старанні амерыканскай кампаніі максімальна знізіць сабекошт прыладаў.

Спецыялісты IHS палічылі рэальны кошт базавай версіі iPhone 7 (з 32 ГБ памяці), зыходзячы з цаны ўсіх асобных кампанентаў.

Агульны кошт кампанентаў склаў 224,8 даляра (з улікам 5 даляраў на зборку і тэставанне), што на 37 даляраў вышэй, чым у iPhone 6S.

Самым дарагім кампанентам аказаўся дысплей — 43 даляры. За ім стаіць набор сеткавых плат (33,9), чыпсэт А10 Fusion (26,9) і камеры (19,9).

Змесціва каробкі (EarPods з перахадніком на аўдыяраз'ём 3,5 мм, зарадка і кабель) каштуюць 11,8 даляра, а батарэйка на 1960 мАч ацэньваецца ўсяго ў 2,5 даляра. Натуральна, у гэту цану не ўключаны выдаткі на распрацоўкі, лагістыку, маркетынг ды іншае. Тым не менш, Apple ўсё роўна вельмі добра зарабляе на кожнай прыладзе.

Нагадаем, самыя танныя iPhone 7 з 32 ГБ памяці прадаюцца ў ЗША — за 649 даляраў (без уліку падаткаў), а нядаўна высветлілася, што афіцыйная цана iPhone 7 у Беларусі стала самай высокай у свеце, крыху не дацягнуўшы да 1000 даляраў за базавы смартфон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?