Міністры 12 краін Еўрасаюза падпісалі ліст еўракамісару па пытаннях гандлю Сесіліі Мальстрам у падтрымку Дамовы пра трансатлантычнае гандлёвае і інвестыцыйнае партнёрства (TTIP).

Брусэль і Вашынгтон ставілі задачу падпісання TTIP да сканчэння паўнамоцтваў Барака Абамы ў студзені 2017-га. Аднак Дамова натыкнулася на крытыку як у ЗША, так і ў Еўропе. 

Да перапынення перамоў заклікала Францыя, якая баіцца за сваю сельскую гаспадарку, што можа не вытрымаць канкурэнцыі з боку амерыканскіх фермераў.

Непакояцца і эколагі: амерыканскія нормы ў сферы якасці прадуктаў менш строгія за еўрапейскія.

Супраць дамовы выступаюць таксама прарасійскія ультраправыя і ультралевыя сілы, якія бачаць у новым пагадненні заруку ўмацавання сувязяў ЕС і ЗША.

У выніку міністр эканомікі Нямеччыны Зігмар Габрыэль заявіў, што перамовы па TTIP «фактычна праваліліся». У той жа час канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель TTIP падтрымала.

Сярод 12 падпісантаў ліста міністраў ёсць прадстаўнікі Брытаніі, Італіі і Іспаніі, паведамляе агенцтва Ройтэрз.

Раней Еўрасаюз ужо ўхваліў аналагічнае пагадненне з Канадай. Яно называецца Comprehensive Economic and Trade Agreement (CETA). Падпісанне яго мае адбыцца ў Брусэлі 27 кастрычніка, пасля чаго яго маюць ратыфікаваць парламенты краін ЕС.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?