Міжнародны валютны фонд рэкамендуе Беларусі паскорыць рэформы ў эканоміцы, паведаміў сёння журналістам кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман. «Гэта дапаможа знізіць фактары ўразлівасці», — адзначыў ён.

Місія МВФ у ходзе цяперашняга візіту абмяркуе з Беларуссю новую крэдытную праграму, заявіў Долман.

«Адпаведнае абмеркаванне будзе праходзіць з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Беларусі на наступным тыдні. Наша асноўная задача ў тым, каб гэты працэс ішоў наперад», — заявіў ён.

Кіраўнік місіі МВФ па Беларусі нагадаў, што раней у ходзе абмеркаванняў з урадам вялікае значэнне надавалася рэформам сектара дзяржпрадпрыемстваў. Паводле яго слоў, гэта трэба, каб «прынесці больш якасны менеджмент у сектар дзяржпрадпрыемстваў і забяспечыць іх больш дакладнае функцыянаванне». Таксама раней абмяркоўваліся пытанні лібералізацыі коштаў і рэфармавання тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Па словах Долмана, МВФ лічыць правільным падыход ўрада Беларусі ў галіне развіцця асноў грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыкі.

«Што тычыцца тэксту якога-небудзь магчымага крэдытнага пагаднення паміж МВФ і ўрадам Беларусі, то яно будзе распаўсюджана тады, калі будзе гатова», - дадаў Пітэр Долман.

***

Таксама МВФ чакае пачатку аднаўлення эканомікі Беларусі ў 2018 г., гаворыцца ў прэс-рэлізе МВФ па выніках кансультацый у адпаведнасцi з Артыкулам IV 2016 года з Беларуссю.

«Чакаецца далейшае скарачэнне эканомікі ў гэтым і наступным гадах, што тлумачыцца ўсё яшчэ слабымі балансамі і структурнымі перашкодамі.

Чакаецца, што абмежаванае аднаўленне эканомікі пачнецца ў 2018 годзе, у той час як у сярэднетэрміновай перспектыве патэнцыйны тэмп росту павысіцца прыблізна толькі да 1,75%», - гаворыцца ў заяве фонду.

Паводле прагнозаў МВФ, што на працягу наступных некалькіх гадоў інфляцыя паступова знізіцца да ўзроўню ніжэй за 10%.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што правядзенне больш жорсткай падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі на працягу большай часткі 2015—2016 гадоў садзейнічала макраэканамічнай стабілізацыі. Абменны курс цяпер стабілізаваўся, а спрэды па міжнародных аблігацыях скараціліся.

«Пасля пераходу да больш гнуткага рэжыму абменнага курсу ў пачатку 2015 году рэзэрвы стабілізаваліся, а ў апошнія месяцы яны пачалі расці. Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый трохі павысіўся ў гэтым годзе, але знаходзіцца на значна больш нізкім узроўні, чым некалькі гадоў таму», — сказана ў заяве.

***

Як паведамлялася, місія МВФ на чале П. Долманам будзе працаваць у Беларусі з 19 верасня па 1 кастрычніка. Да гэтага місія МВФ наведвала Мінск з 21 па 30 чэрвеня, каб правесці ацэнку бягучай эканамічнай палітыкі і штогадовыя кансультацыі з уладамі паводле Артыкула IV.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?