Расія накіруе ў Міжземнае мора авіяносны крэйсер «Адмірал Кузняцоў», паведаміў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу.
ria.ru
Паводле яго слоў, цяпер у расійскую групоўку ва ўсходняй частцы Міжземнага мора ўваходзяць не менш за шэсць баявых караблёў і тры-чатыры судны забеспячэння са складу ўсіх флатоў.
«Для нарошчвання баявых магчымасцяў у групоўцы плануем ўключыць у яе склад карабельную авіяносную групу з крэйсерам «Адмірал Кузняцоў», — заявіў Шайгу.
Шайгу нагадаў, што пастаянная прысутнасць расійскіх ВМФ ва ўсходняй частцы Міжземнамор'я была адноўлена ў 2013 годзе.
Інтэрфакс са спасылкай на крыніцы паведамляе, што крэйсер адправіцца ў Міжземнае мора ў сярэдзіне кастрычніка. Паход, па дадзеных агенцтва, будзе доўжыцца ад чатырох да пяці месяцаў.
«Адмірал Кузняцоў» — адзіны расійскі авіяносец, які знаходзіцца ў страі.
Раней кіраўнік думскага камітэта па абароне, былы камандуючы Чарнаморскім флотам РФ адмірал Уладзімір Камаедаў заявіў, што авіяносец можа быць задзейнічаны ў ваеннай аперацыі ў Сірыі, перадае Інтэрфакс.
У кастрычніку мінулага года Расія наносіла ўдары па аб'ектах у Сірыі з дапамогай чатырох ракетных караблёў з Каспійскага мора.





