Губернатар амерыканскага штата Паўночная Караліна ўвёў рэжым надзвычайнага становішча ў горадзе Шарлот, дзе праходзяць акцыі пратэсту ў сувязі з забойствам чарнаскурага мужчыны паліцыяй. У горад адпраўлена нацыянальная гвардыя.
NY Times
Акцыі пратэсту ў Шарлоце доўжацца другія суткі. У выніку беспарадкаў пацярпелі ўжо больш за 15 паліцэйскіх, вартавыя парадку неаднаразова ўжывалі слёзацечны газ супраць пратэстоўцаў.
Дэманстрацыя ў ноч на чацвер пачалася мірна, аднак затым у натоўпе прагучалі стрэлы. Адзін з пратэстоўцаў быў паранены, ён знаходзіцца ў крытычным стане.
Пратэстоўцы кідалі ў паліцэйскіх бутэлькі і петарды, білі шыбы і палілі вогнішчы.
Жыхары Шарлота выйшлі на вуліцы, пасля таго як у аўторак 43-гадовы чарнаскуры Кіт Ламонт Скот быў паранены чарнаскурым паліцэйскім і памёр у шпіталі.
У паліцыі сцвярджаюць, што Скот нёс у руках зброю і ўяўляў «непасрэдную смяротную пагрозу», аднак яго сваякі настойваюць, што мужчына не быў узброены.