Напэўна, мае словы будуць не зусім адпавядаць усеагульнай радасці, якая пануе зараз у СМІ і ў Фэйсбуку. Я пра перамогу над United Company і жыхаром Мазыра, які мову абражаў. На мой погляд, такі метад — ісці напралом — не зробіць нас нацыяй, ні беларускай, ні якой іншай.

Вось прыціснулі мы ватныя запраўкі — стануць цяпер іх супрацоўнікі хоць калі-небудзь па-беларуску размаўляць? Ды яны ж у першых радах ненавіснікаў беларушчыны стануць. І калі раней многія з іх маглі заняць пазіцыю абыякавасці, то цяпер лёгка могуць пачаць выступаць супраць усяго беларускага. А калі справа дойдзе да нейкіх рэальных сутычак (пачынаючы ад адстойвання права не вучыць беларускую ў школе і заканчваючы візітам «ветлівых людзей») то мы іх не пераможам — нас папросту нашмат менш.

Патролілі міліцыянта — выглядае крута. Сотні лайкаў, публікацыі. Але калі раптам палітычны курс зменіцца і многія змогуць пачаць думаць сваёй галавой, ці прыйдзе ў галаву таму міліцыянту перайсці на бок беларушчыны? 

На мой погляд, будучы ў меншасці, мы мусім не кідацца на амбразуру, а дзейнічаць мякка. Прывяду зваротны прыклад. Калі ў краме прадавачка скажа мне: «Скажите нормально!» — я паўтару яшчэ раз сваю просьбу па-беларуску, толькі больш выразна. Калі яна яшчэ раз скажа сваю фразу і дадасць нешта пра «нипанимаю ваш изык», то пайду шукаць кнігу скаргаў. Калі ж, наадварот, яна выбачыцца, што не разумее мовы, і ветліва папросіць перакласці на рускую — вядома, я зраблю гэта.

Так, з боку будзе выглядаць гераічным, калі пайсці ў бой да апошняй кроплі крыві. Але нас проста перадушаць, нас проста не стане, хоць мы і сыдзем героямі. Таму думаю, што ў наш час нашмат больш гераічным будзе не дакалупвацца да кожнай прадавачкі і кожнага ватніка на запраўцы, а пісаць добрыя кнігі па-беларуску, адчыняць крутыя кавярні і крамы з беларускай мовай, рабіць якасныя фота- і відэапраекты па-беларуску, ладзіць папулярныя курсы мовы (гэта я да таго, што Глеб Лабадзенка, акрамя змагання з запраўкамі, робіць і адназначна крутыя рэчы), карыстацца мовай не толькі ў фэйсбуку ці на публіцы, а зрабіць яе нормай жыцця, нараджаць дзетак і гадаваць іх на роднай мове.

Зацятых ватнікаў мы ўсё адно не пераканаем, але зможам перацягнуць на свой бок тых, хто сумняецца, а іх у нас большасць. (І, канечне, трэба не забывацца байкатаваць запраўкі UC.)

Мне ў свой час пашанцавала, што на маім шляху не сустрэўся ніводзін змагар, які назваў бы мяне маскалём ці здраднікам Радзімы, калі я карыстаўся рускай. Калі б такое здарылася, то ў маім сэрцы нічога акрамя нянавісці да такіх людзей не з'явілася б. Але наадварот, я сустракаў разумных і паспяховых людзей, якія свядома выбралі беларускую мову. І іх прыклад без аніякага маралізатарства ўрэшце і прывёў да таго, што я сам цяпер карыстаюся роднай мовай.

А наконт абразаў беларускай мовы — я б пашкадаваў таго мазырчука. Мы яго ніяк не зменім. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?