Суд Маскоўскага раёна Мінска 22 верасня аштрафаваў экс-кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзіміра Падгола на 15 базавых велічыняў (315 дэнамінаваных рублёў) за акцыю па перадачы ў Мінгарвыканкам апавяшчэнняў аб правядзенні перадвыбарных пікетаў.

«Мяне прызналі вінаватым. Суд праігнараваў абсалютна ўсе мае аргументы, што мы прыйшлі падаваць у Мінгарвыканкам заявы на пікеты, што прадугледжана выбарчым заканадаўствам», — паведаміў БелаПАН Падгол. Больш за тое, адзначыў ён, «у судзе міліцыянеры самі сведчылі, што мы прынеслі заявы на пікет і заносілі іх у выканкам. Аднак яны ўсё роўна кваліфікавалі гэта як несанкцыянаваны пікет», сказаў Падгол.

Ён таксама паведаміў, што суддзя адмовіўся весці працэс па-беларуску і даць перакладчыка.

26 жніўня Уладзімір Падгол і яшчэ адзін на той момант кандыдат у дэпутаты Алесь Таўстыка правялі акцыю «Шорцу пакет — заявы на пікет». Яны прыйшлі да Мінгарвыканкама, трымаючы ў руках вяроўку для бялізны, на якой былі прымацаваныя апавяшчэнні аб сустрэчах з выбаршчыкамі, а таксама сцягі тых краін, дзе ёсць ўчасткі для галасавання па выбарах дэпутатаў беларускага парламента. Міліцыя палічыла гэтую акцыю несанкцыянаваным мерапрыемствам, склаўшы ў дачыненні да Падгола адміністрацыйны пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

23 верасня таксама ў судзе Маскоўскага раёна адбудзецца разгляд аналагічнай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Таўстыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?