Мужная дзяўчына, якая дала адпор узброеным рабаўнікам ламбарда, распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці незвычайнай гісторыі.

Яўгенія Аніковіч, таваразнаўца па адукацыі, працуе прыёмшчыкам тавару ў мінскіх ламбардах з 2011 года. У пачатку ліпеня 24 гадовая дзяўчына ўладкавалася на новую працу ў адну з устаноў сеткі «Плацінум-ламбард».

Яўгенія Аніковіч, фота з яе архіва

Яўгенія Аніковіч, фота з яе архіва

На той момант яна і ўявіць сабе не магла, што праз пару месяцаў, увечары 15 верасня, да яе завітае не чарговы кліент з гадзіннікам ці тэлефонам, а самыя сапраўдныя рабаўнікі з пісталетам.

Мужчыны — а іх было двое — з’явіліся ў невялікім памяшканні на праспекце Пушкіна каля 8 вечара.

«На той момант кліентаў у ламбардзе больш не было. Адзін застаўся каля дзвярэй — ці то пільнаваць, каб ніхто не ішоў, ці то яны ведалі, колькі прыкладна трэба службе аховы, каб прыехаць, турбаваліся пра гэта. Другі адразу накіраваўся да мяне. Падышоў да акенца, нацягнуў на галаву капюшон і наставіў на мяне пісталет», — распавяла «Нашай Ніве» Яўгенія.

На руках у мужчыны былі сінія медыцынскія аднаразовыя пальчаткі, такія прадаюцца ў кожнай аптэцы. Рабаўнік адразу пачаў патрабаваць у дзяўчыны, каб тая аддала яму грошы.

«Што ён там даслоўна казаў, я і не памятаю ўжо — была ў шоку, такое адчуванне, што гэта ўсё ці то не на самай справе, ці то не са мной адбываецца. Больш-менш узгадала наш дыялог, толькі калі сама паглядзела тое відэа», — усміхаецца сёння Яўгенія.

Праўда, на той момант ёй было не надта смешна.

«Пісталет, хутчэй за ўсё, быў несапраўдны, муляж альбо цацачны. Праўда, пра гэта я даведалася ўжо пасля, мне распавёў следчы — кажа, што сапраўдная зброя цяжкая і халодная. А ў рабаўніка пісталет быў цёплым і лёгкім. Але ж тады я не ведала — сапраўдны ён ці не», — кажа дзяўчына.

На той момант у касе ламбарда было каля 2 тысяч рублёў (20 мільёнаў «старымі» грашыма). Плюс золата. Але рабаўнік патрабаваў, каб Яўгенія аддала яму толькі пачак дзесяцірублёвак.

«Больш нічога не хацеў. Не ведаю, чаму, — паціскае плячыма дзяўчына. — У тым пачку было недзе рублёў трыста-чатырыста, не больш».

Чаму яна адмовілася аддаваць злачынцу грошы, Яўгенія і сама не ведае. Кажа, было вельмі страшна, цалкам верылася, што мужчына можа і стрэліць у яе. Аднак, нягледзячы на страх, штосьці вось унутры «перамкнула» і ўсё, кажа яна.

«Чаму грошы не аддала? Не ведаю нават, пра што я ў той момант думала. Я ж ніколі не магла і ўявіць, што траплю ў такую сітуацыю, таму плану, як сябе паводзіць, у мяне не было. Так вось проста атрымалася, што не аддала, што рызыкавала жыццём за чужыя грошы. Чаму — і сама не разумею», — смяецца Яўгенія.

Падчас «перамоў» са злачынцам дзяўчына зразумела, што той п’яны.

«Ды і потым было бачна, што ён расслабіўся і толькі палохае, страляць не будзе. І я паспрабавала выхапіць у яго пісталет, праўда, не атрымалася, — кажа Яўгенія. — Ну і ён пачаў мне пагражаць трошкі, маўляў, вы прыгожая, а зараз сабе нашкодзіце… Я яму адказваю — вы ж таксама прыгожы малады чалавек, але што ж вы робіце?»

Дзяўчына працягвала размаўляць з рабаўніком, бо чакала службу аховы.

«Я адразу выклікала ахоўнікаў, націснуўшы кнопку, як толькі ўбачыла пісталет, — тлумачыць яна. — Ну і цягнула час, размаўляючы, каб гэтых паспелі затрымаць».

Праўда, мужчыны паспелі збегчы да прыезду аховы.

«Не ведаю, колькі ахоўнікі ехалі. Шчыра, для мяне ўся тая сітуацыя цягнулася нібы вечнасць», — прызнаецца Яўгенія.

Ад гэтай гісторыі дзяўчына адыходзіла цяжка. Кажа, думала пра ўсё гэта яшчэ некалькі дзён. Яна жыве з бацькамі, цяпер маці, канечне, хвалюецца. Аднак хадзіць на працу Яўгенія не баіцца і мяняць яе таксама не збіраецца.

«Не, звальняцца не думаю. Папрасіла свайго хлопца сустракаць мяне каля 10 вечара, калі ламбард зачыняецца, ды і ўсё», — кажа яна.

Яўгенія Аніковіч, фота з яе архіва

Яўгенія Аніковіч, фота з яе архіва

Заробак у дзяўчыны невялікі — каля 6 мільёнаў рублёў.

«Той з пісталетам казаў жа мне: «Давай, зайка, мне грошы, а то я мала зарабляю». А я ж яму адказала: «Я таксама працую тут за капейкі, дык што, мне таксама ламбарды рабаваць?» — пасміхаецца Яўгенія. — Ці далі мне прэмію? Не, пакуль нічога. Не ведаю, можа начальства падзякуе потым. Усё ж зберагла ім і грошы, і золата».

Па вялікім рахунку, гэтая гісторыя не толькі напалохала Яўгенію, але і надала ёй упэўненасці ў сябе.

«Што, калі штосьці такое здарыцца яшчэ раз? Не ведаю. Можа балончык сабе куплю, на будучыню, можа яшчэ што. Карацей, прыдумаю што рабіць, — смяецца дзяўчына. — Ужо буду гатовая!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?