Некалькі тыдняў таму ў Віленскі аэрапорт прыбылі 20 мігрантаў з Сірыі. Гэта тры сям'і — шасцёра дарослых і 14 дзяцей. Іх сюды прывезлі з турэцкіх лагераў для бежанцаў.

LNK

«Усё роўна, якая краіна, багатая ці не, чалавек хоча жыць у бяспецы», — сказаў тады мігрант з Сірыі Махамед Алі Абдула.

Але, аказваецца, для іх важна, каб краіна была багатая. Менавіта гэтая сям'я, як толькі прыехала ў Цэнтр прыняцця бежанцаў, стала страйкаваць — не пагадзілася падпісваць пагадненне аб інтэграцыі ў Літве, паведамляе LNK. 

Сям'я стала патрабаваць, каб яе адправілі ў Канаду. Сям'я складаецца з 5 чалавек — 36-гадовага краўца, 29-гадовай хатняй гаспадыні і іх траіх дзяцей.

Алі Абдула згадзіўся расказаць, што ім не падабаецца ў Літве.

«Я яшчэ не ведаю, як у Літве ідуць справы з аховай здароўя, але я ўжо бачу, што як хворы чалавек, хутчэй за ўсё, не змагу працаваць, таму не змагу ўтрымліваць сям'ю ў гэтай краіне. Зразумейце, як мне тут жыць і ўтрымліваць сям'ю. Я пайду лячыцца, павінен буду сядзець дома, не працаваць. Дык выплаты, якія тут плацяць, і дапамогі, хутчэй за ўсё, не пакрыюць ні выдаткі на жыллё, ні іншыя выдаткі», — сказаў Алі Абдула.

Некалькі тыдняў таму ён казаў зусім іншае. «Я магу працаваць, калі ёсць прапановы, усё роўна, пра якую працу ідзе гаворка», — сказаў ён тады. Цяпер бежанец сцвярджае, што ААН ашукала яго, накіраваўшы з сям'ёй у Літву.

«Калі мне сказалі, што Літва таксама прымае бежанцаў, галоўнае пытанне, якое мяне хвалявала — ці ўсе правы будуць як у Германіі, Швецыі, у іншых краінах ЕС. Мне сказалі — так, Літва таксама сярод краін класа А. Але калі мы прыехалі і намеснік дырэктара гэтага цэнтра патлумачыла нам працэс інтэграцыі і распавяла пра выплаты, я зразумеў, што апынуўся ў неалпаведным месцы», — сказаў мігрант.

Праз некалькі дзён сірыец саступіў — падпісаў пагадненне, калі яму патлумачылі, што будзе, калі не падпіша.

«Відаць, абмяркоўваліся б пытанні аж да вяртання туды, адкуль яны прыехалі, гэта значыць, у Турцыю, ў ваенную зону іх дакладна ніхто не вярнуў бы», — сказаў віцэ-міністр Сацміна Альгірдас Шэшэлгіс.

«Як яны самі кажуць, яны нібыта не ў тую краіну трапілі, куды хацелі, як ўяўлялі, ці ім не тую інфармацыю далі, ці не так прадставілі, можа з-за страху спачатку не падпісвалі гэтыя два дакументы, але цяпер пагадзіліся», — сказаў дырэктар цэнтра прыняцця бежанцаў Робертас Мікуленас.

Цяпер сям'я з Сірыі з дапамогай адвакатаў цікавіцца магчымасцю скардзіцца ў ААН з-за пераезду ў Літву.

«Дапамагаюць, так, мясцовыя юрысты з дапамогай перакладчыкаў, таму што ім такія паслугі ў нас даюць. Я думаю, мы павінны гэта рабіць. Перспектывы ў будучыні іх ніхто не пазбаўляе. Яны цяпер жывуць у бяспецы, яны змогуць зноўку ацаніць сітуацыю, зірнуць на свае магчымасці, прааналізаваць усё, якія ёсць магчымасці і вызначыцца пра далейшае жыццё. Няма, скажам, такога, што яны прыехалі ў Літву як у турму і іх тут замкнулі», — сказаў Шэшэлгіс.

Суседка Літвы Латвія прыняла 45 бежанцаў, але больш за палову з іх ужо пераехалі ў Германію. Па звестках LNK, яны атрымалі прытулак у Германіі, паколькі Латвія нібыта парушыла іх правы — па тэлебачанні паказалі іх жанчын з непакрытымі галовамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?