Прадпрымальнікі выказалі недавер Міністэрству па падатках і зборах, усклаўшы на яго адказнасць за наступствы ў сферы прадпрымальніцтва, выкліканыя дзеяннем прэзідэнцкага ўказа № 222. Пра гэта гаворыцца ў выніковай рэзалюцыі ўдзельнікаў форуму прадпрымальнікаў, праведзенага 3 кастрычніка ў Мінску рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Перспектыва».

У працы форуму, які адбыўся ў Доме Масквы, узялі ўдзел больш за 180 чалавек з Беразіно, Барысава, Брэста, Гомеля, Гродна, Жодзіна, Мінска, Магілёва, Мазыра, Маладзечна і Полацка, а таксама прадстаўнікі Міністэрства эканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

На думку ўдзельнікаў сустрэчы, менавіта МПЗ нясе адказнасць за тое, што дзеянне ўказа № 222 пацягнула за сабой «негатыўныя наступствы для індывідуальных прадпрымальнікаў і краіны ў цэлым, прычыніўшы эканамічную і палітычную шкоду».

Прадпрымальнікі вырашылі пачаць падрыхтоўку да правядзення чарговага форуму ў снежні 2016 года, на які прапанавана запрасіць прэм'ер-міністра і іншых чыноўнікаў урада, прадстаўнікоў замежных дыпламатычных місій.

Удзельнікі форуму таксама абвясцілі аб гатоўнасці пачаць забастоўку і арганізаваць серыю мітынгаў у межах закону ў тым выпадку, калі кантрольна-наглядныя органы стануць праводзіць масавыя праверкі індывідуальных прадпрымальнікаў з канфіскацыямі і штрафамі.

У выніковым дакуменце ўтрымліваецца прапанова аб распрацоўцы праекта закона аб самазанятасці прадпрымальнікаў у рамках мікрабізнесу. Чакаецца, што праца над гэтым дакументам будзе найбліжэйшым часам абмеркаваная на пасяджэнні рабочай групы па пытаннях прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі.

Сёння галоўная праблема ў сферы малога бізнесу заключаецца ў адсутнасці даверу паміж уладамі і прадпрымальнікамі, паведаміў у межах форуму старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка. «Прадпрымальнікі не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, асабліва што да суправаджальных дакументаў, якія яны паказваюць дзяржаўным органам ўжо на працягу года», — сказаў ён.

«Сёння ўсе працуюць па суправаджальных дакументах на тавары легпрама, — падкрэсліў Шумчанка. — Але мы не можам выбудоўваць уласную працу, таму што мы не ведаем, якія захады зробяць падаткавікі па тых дакументах, якія мы сёння паказваем. Да гэтага часу Міністэрства па падатках і зборах так і не сказала, прымаюць яны нашы дакументы як сапраўдныя ці не. Яны мудрагеліста кажуць, што, маўляў, мы будзем правяраць, але не будзем глядзець на тыя ці іншыя моманты».

Нагадаем, з пачатку года дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. З-за яго патрабаванняў першыя некалькі месяцаў года была фактычна паралізаваная праца ІП, якія гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасці, бо яны могуць гандляваць толькі тымі таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Атрыманне такіх дакументаў складанае ў сувязі з пазіцыяй расійскіх партнёраў. Спробы ІП знайсці паразуменне ва ўладаў былі безвыніковымі, і блізу канца сакавіка большасць прадпрымальнікаў вымушаныя былі аднавіць працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару з-за прэтэнзій дзяржаўных органаў адносна сапраўднасці суправаджальных дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?