— Калі пачалася паніка, я не адразу ацаніў маштаб. Дзяўчаты беглі ў бок маёй крамы з крыкамі: «Там мужык з бензапілой усіх рэжа», — распавядае kp.by Леанід Усніч, уладальнік крамы ў гандлёвым цэнтры «Еўропа» і відавочца здарэння.

Нагадаем, у суботу ўвечары сюды уварваўся 17-гадовы падлетак. Ён моўчкі схапіў першую жанчыну, якая трапілася, і забіў яе бензапілой, затым з футарала ад музычнага інструмента дастаў сякеру і пайшоў з ёй біць вітрыны, нападаць на наведвальнікаў. У выніку - 46-гадовая пакупніца апынулася ў бальніцы.

— Пачуўшы крыкі пра пілу, зайшоў у першую краму, папрасіў даць палку. Гэта ўжо потым, убачыўшы гэтага вар'ята, зразумеў: мой кій супраць яго сякеры — нішто, - працягвае распавядаць Леанід. — Але ўзяў палку і пайшоў у бок крыкаў, я не адразу надаў значэнне, што дзіўны чалавек, які ішоў насустрач, гэта і ёсць маньяк.

Ён больш нагадваў героя коміксаў: на галаве была шапачка як носяць палярнікі, гэта значыць, толькі нос быў адкрыты, на вачах — гарналыжныя акуляры, яшчэ на ім былі велізарныя навушнікі для шумаізаляцыі. І толькі потым у руцэ заўважыў сякеру. Ён нёс яе як сцяг.

Ішоў моўчкі, упэўнена. Ззаду яго беглі мужчыны, у аднаго ў руках было крэсла. Гэта ўладальнікі магазінаў, якія спрабавалі спыніць шалёнага чалавека, я яшчэ крыкнуў: «Трэба выклікаць міліцыю! Мы нічога з ім не зробім!». І толькі ў гэты момант нападнік як быццам упершыню пачуў чужы голас, павярнуўся і пайшоў у бок, пачуўся гук бітага шкла — ён разбіў вітрыну.

Леанід тут жа кінуўся тэлефанаваць у міліцыю, там ужо ведалі аб ПП і адказалі: «Да вас ужо выехала некалькі нарадаў, чакайце».

- Прыехалі хлопцы на «Ніве», у касках, з пісталетамі і мы ўсе разам пабеглі шукаць гэтага вар'ята. Ён ужо ляжаў у памяшканні гандлёвага цэнтра, нібы ўладальнік крамы ударыў яго крэслам па галаве і той упаў. Нават падчас затрымання падлетак не сказаў ні слова, асабліва не супраціўляўся, - успамінае Леанід.

— А ў іншай частцы цэнтра затрымалі мужчыну гадоў 30 з крыкам: «Гэта супольнік!». У яго на вопратцы была кроў: ён аказваў дапамогу параненай жанчыне і памылкова яго палічылі за другога нападніка. Там жа адразу паўстала блытаніна, колькі чалавек было: адзін ці два. Потым разабраліся, адпусцілі.

- Вы ведалі загінулую жанчыну?

- Наглядна, так. Яна працавала прадаўцом дарагіх акуляраў у гандлёвым цэнтры, але зусім не ў тым месцы, дзе здарылася напад. Сюды яна прыйшла купіць калготкі, але на яе напаў маньяк…

Адразу пасля гэтага жаху яе гаспадар бегаў і шукаў зніклую, пытаўся: ці не бачыў хто. Але там быў такі хаос, мой прадавец таксама кінула магазін адкрытым і ўцякла хавацца.

А потым яго папрасілі апазнаць цела … Гэта была яго супрацоўніца. У галаве дагэтуль не ўкладаецца гэтая гісторыя. Але ясна адно: чалавек старанна рыхтаваўся да нападу, столькі на сябе ўсяго надзеў, каб твар ніхто не апазнаў, загадзя падрыхтаваў сякеру, бензапілу.

***

Нагадаем, што ўчора ў гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў цэнтры Мінска 18-гадовы хлопец з бензапілой і сякерай напаў на наведвальнікаў. Адна жанчына была параненая, яшчэ адна загінула.

Малады чалавек 1998 года нараджэння прынёс сякеру ў футарале ад музычнага інструмента, а ў руцэ трымаў бензапілу.

З заведзенай бензапілой ён напаў на дзвюх работніц ГЦ каля «Тэра піцы». Адна з іх загінула.

АНТ са спасылкай на міліцыю ў «Навінах» паведаміла, што гэта была супрацоўніца крамы. Яна адышлася з працоўнага месца купіць калготкі. Пазней СК паведаміў, што яна 1973 г.н.

Па факце нападу распачата крымінальная справа, паведаміў сёння журналістам у Мінску першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў.

«Па гэтым факце заведзена крымінальная справа. Яна прынята да вытворчасці следчымі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Праводзяцца следчыя дзеянні», — паінфармаваў БелТА Волкаў.

Нападнік быў адзін. А чуткі пра тое, што нападнікаў было некалькі, звязаныя з тым, што чалавека бачылі спачатку з бензапілой, потым з сякерай, растлумачылі ў Следчым камітэце.

Меркаваная сякера на месцы здарэння, фота Арцёма Гарбацэвіча

Меркаваная сякера на месцы здарэння, фота Арцёма Гарбацэвіча

Міліцыя з месца здарэння паведаміла падрабязнасці трагедыі.

«Малады чалавек 1998 года нараджэння ў 17:28 прыйшоў у ГЦ «Еўропа». Ён быў добра апрануты, у яго быў чахол для гітары, у якой была сякера, а пры сабе бензапіла. Ён заведзенай бензапілой прычыніў цялесныя пашкоджанні дзяўчыне, яна памерла. Потым расшпіліў чахол, дастаў сякеру і пачаў пагражаць пакупнікам. Грамадзян было няшмат, тры-чатыры чалавекі.

У 17:34 паступіў першы званок у дзяжурную частку ГУУС,

у 17:35 прыбыў першы нарад…

У 17:38 нападнік быў затрыманы. Ён знаходзіцца ў дзяжурнай частцы РУУС».

Заява міліцыі (відэа)

Цела загінулай ляжыць на першым паверсе ГЦ «Еўропа», каля ўваходу ў кавярню. Яно бачнае з вуліцы толькі з аднаго ракурсу — на асветленым лапіку падлогі між сталамі.

Насуперак чуткам першых хвілін, паведамляў карэспандэнт НН, галава ахвяры не была адрэзаная. На падлозе была відаць кроў. Тэрыторыю вакол цела вывучалі следчыя — некалькі чалавек у цывільным.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па ч.2 арт.139 КК «Забойства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?