Хілары Клінтан і Дональд Трамп ў ходзе трэціх і апошніх тэледэбатаў ў Лас-Вегасе паспрачаліся аб праве на аборты, аб праве амерыканцаў на нашэнне зброі і аб Уладзіміры Пуціне.

AFP

AFP

Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША пачалі дэбаты ва Універсітэце Невады, адмовіўшыся ад поціску рукі.

Хілары Клінтан з'явілася ў белым касцюме, яе апанент прыйшоў у чорным гарнітуры і чырвоным гальштуку. 

Тэлевізійныя дэбаты ў Лас-Вегасе пачаліся з пытання пра Вярхоўны суд і тое, як канстытуцыя ЗША павінна трактавацца.

Другая тэма, якая радыкальна раздзяляла апанентаў, — права на аборты.

Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі паабяцала абараняць права на аборты. «Я буду абараняць «Роу супраць Уэйда», — сказала Клінтан, спасылаючыся на рашэнне Вярхоўнага суда 1973 года аб легалізацыі абортаў.

Трамп ж выказаў упэўненасць, што ў выпадку яго абрання Вярхоўны суд адменіць рашэнне аб легалізацыі абортаў, а здарыцца гэта таму, што ён прызначыць суддзяў, якія выступаюць «за жыццё».

Неўзабаве пасля пачатку дэбатаў кандыдаты ў прэзідэнты закранулі пытанне адносін з Расіяй. Хілары Клінтан заявіла, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін хацеў бы, каб прэзідэнцкае крэсла заняла яго марыянетка, відавочна намякаючы на падтрымку Пуціным яе суперніка.

Дональд Трамп запярэчыў, што не будзе марыянеткай Пуціна і сказаў, што Клінтан не падабаецца Пуцін з-за таго, што ён «перахітрыў» яе па ўсіх кірунках.

«Я не знаёмы з Пуціным, але хацеў бы ўзаемадзейнічаць з ім … Ёй не падабаецца Пуцін, бо Пуцін абхітрыў яе ў Сірыі і ўсюды», — сказаў Трамп.

Апытанне, праведзенае тэлеканалам Сі-Эн-Эн, паказвае, што 52% палічылі пераможцам трэціх дэбатаў Клінтан, а 39% — Трампа. Гэта азначае, што выступ наўрад ці дапаможа мільярдэру здагнаць Хілары ў рэйтынгах папулярнасці. Сацыялагічныя апытанні апошняга тыдня давалі Клінтан перавагу ў 7—11%. З вялікай імавернасцю першы раз у гісторыі ЗША прэзідэнткай можа стаць жанчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?